Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

сула́джвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да суладжваць.

сула́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да суладзіць.

сула́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., што.

Разм. Зрабіць стройным, гарманічным; прывесці да ўзгодненасці, гарманічнасці. І таму ты ў агні не згарэла, Любоў, не загінула ў бойках, блакадзе — бо найлепшае ўсё ад жанчын з прадвякоў Лёс сабраў, даў табе і суладзіў. Дубоўка. Толькі ты труны не расчыніш, Не суладзіш, пявучай гамы, Каб пачуць, што ў тваёй краіне Не звіняць ужо ланцугамі. Лужанін.

сула́дна, прысл. і прыназ.

1. Прысл. да суладны.

2. прыназ. з Д. Адпаведна чаму‑н. Ужо затым суладна тону Пахвал рулады паплылі. Бачыла. Гаварылі мала — спакойна, суладна думкам і настрою. Кудравец. / З прыназ. «з» утварае спалучэнне з Т. Па скалах і безданях хутка памчаліся чорныя шкуматы ценяў і побач суладна з імі — яркія плямы святла. Быкаў.

сула́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць суладнага; гарманічнасць, суладжанасць, згоднасць. Маляўнічая прыродаапісальная лірыка здзіўляе і вабіць сваёй пластыкай, паўнатой і суладнасцю эмоцый. Бугаёў.

сула́дны, ‑ая, ‑ае.

1. з чым, чаму. Адпаведны чаму‑н., згодны з кім‑н. Не баіцца цяжкай плыні год, твор, суладны з вечнасці законам. Русецкі. Словы Журавенкі былі суладны Антонавым думкам — ён і сам гаварыў пра тое ж на сходзе. Савіцкі.

2. Аднадушны. — Не... Не было, — пачуўся суладны адказ. Шынклер. З набліжэннем дня збору суладны настрой у класе мацнеў. Шыловіч.

3. Суладжаны, дружны. А ў наваколлі аддаецца суладны, дружны стук калёс. Гаўрусёў. У .. дружнай руплівай працы ішлі напорыстыя пяцігодкі, поўнячы зямлю суладным гулам машын, суладным рухам працавітых рук. Лынькоў. // Стройны, гарманічны (пра спеў, музыку і пад.). У новых дамах іграюць баяны і гучаць суладныя песні — гэта брыгадзір тынкоўшчыкаў Мікола Завадскі, шафёр Іван Канапелька .. спраўляюць наваселле. Грахоўскі. І чуцён суладны гоман Каля рэчкі ў гаі. Прануза. І сосен гонкіх спеў суладны Сціхаў у ссечаным галлі. Кляўко.

сулема́, ‑ы, ж.

Ядавіты белы парашок хлорнай ртуці (ужываецца як сродак для дэзінфекцыі).

[Ад лац. sublimatum.]

сулемо́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да сулемы. Сулемовы раствор.

султа́н 1, ‑а, м.

У некаторых мусульманскіх краінах Усходу — спадчынны тытул манархаў. // Асоба, якая носіць гэты тытул. Потым, у дванаццатым стагоддзі, султан Абд-эль Мумін, першы султан з дынастыі Альмахадаў, заснаваў у гэтай мясцовасці ўмацаваны вайсковы лагер. В. Вольскі.

[Тур. sultan ад араб.]

султа́н 2, ‑а, м.

1. Упрыгожанне з пёраў ці конскіх валасоў на галаўных уборах, пераважна ў ваенных, а таксама на галовах коней пры ўрачыстых цырымоніях. [Станіслаў Юрага] быў апрануты ў сіні шынель з бліскучымі эпалетамі, на галаве ківер з султанам. С. Александровіч. // перан. Слуп, струмень пары, дыму і пад., які ўзнімаецца ўгору. Пералятаючы лінію фронту, [Сцяпанаў] зірнуў налева. Прыкмеціў над нямецкімі акопамі бурыя султаны разрываў снарадаў. Алешка. Полымя набрала сілу зноў, і дым чорнымі грывастымі султанамі ўзнімаўся высока ўгору і толькі там расплываўся. Савіцкі.

2. Суквецце многіх злакаў у выглядзе мяцёлкі. Султаны кукурузы.

султана́т, ‑а і ‑у, М ‑наце, м.

1. ‑а. Манархічная дзяржава, на чале якой стаіць султан ​1.

2. ‑у. Улада султана ​1.