су́ка, ‑і, ДМ суцы, ж.
1. Самка хатняга сабакі, а таксама іншых жывёлін сямейства сабачых. Валачашчая сука прыбілася сюды [у хату] і паспела ўжо тут ашчаніцца. Вялікая, худая .. яна ляжала на падлозе, і шасцёра сляпых шчанят смакталі яе. Чорны.
2. Разм. груб. Ужываецца як лаянкавае слова (звычайна ў адносінах да жанчыны). Да .. [Любкі] даносіўся ўсё яго [Анісіма] голас: Іш, сука паганая! Лынькоў. Зірнуўшы ў твар .. [Сузону], Пілацеіха падалася назад, ускрыкнула, як назваў яе сукай, і, уцякаючы ў пакоі, істэрычным голасам пачала крычаць. Галавач. // Наогул пра подлага чалавека. [Анкудовіч:] — Сука ты, Сцяпан. Самі паліцэйскія сказалі, што падказаў ты. Навуменка.
сукава́тасць, ‑і, ж.
Уласцівасць сукаватага; мноства сукоў, сучча.
сукава́ты, ‑ая, ‑ае.
Які мае вялікую колькасць сукоў, сучкоў. [Дзямід] павёў нас па сцежцы і спыніўся каля старога сукаватага дрэва. В. Вольскі.
сука́ла, ‑а, н.
Прылада для насуквання нітак на цэўкі.
сука́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для сукання. Сукальная машына.
сука́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. сукаць.
су́каны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад сукаць.
2. у знач. прым. Скручаны, звіты суканнем. Тэлефонныя правады — што тыя суканыя ніткі з белай ваты, калматыя, тоўстыя, па пальцу. Пташнікаў.
су́каратка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Скручанае месца ніткі, вяроўкі. Нітка пайшла ў сукараткі.