сузіра́льнік, ‑а, м.
1. Той, хто сузірае (у 1 знач.) што‑н. Сумна зрабілася ад думкі, што амаль два гады ўжо .. [Антанюк] не актыўны ўдзельнік працы гэтых людзей, а сузіральнік. Шамякін. Уся чароўнасць гэтага малюнка ў тым, што Алесь выглядае не простым сузіральнікам прыроды, а дзейсным, актыўным чалавекам. Кучар.
2. Той, хто схільны да сузірання (у 2 знач.).
сузіра́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які не цікавіцца тым, што яго акружае; бяздзейны, пасіўны. [Селянін] — не пасіўная, сузіральная асоба і далёка не абыякава ўспрымае ўсё тое, што пасылае яму лёс. Навуменка. // Уласцівы такому чалавеку. Сузіральныя адносіны да рэчаіснасці. // Звязаны з працэсам сузірання (у 1 знач.). Пісьменнік паступова падымаецца ад сузіральнага чалавекалюбства «Сястры» да гуманізму актыўнага. Адамовіч.
2. Схільны да сузірання (у 2 знач.). Сузіральная натура. // Уласцівы такому чалавеку. Тут прыемна пасядзець, адпачыць у духмяным цяньку, падумаць аб мінулым, настроіцца на сузіральны лад. В. Вольскі.
сузіра́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. сузіраць.
2. Паглыбленасць у свой унутраны духоўны свет.
3. У філасофіі — пачатковая ступень пазнання, пачуццёвая форма адлюстравання рэчаіснасці ў свядомасці чалавека. Ад жывога сузірання да абстрактнага мыслення і ад яго да практыкі — такі дыялектычны шлях пазнання ісціны, пазнання аб’ектыўнай рэальнасці. Ленін.
сузіра́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да сузіраць.
сузіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.
1. Глядзець, разглядваць, назіраць. Дзяўчаты сядзелі моўчкі і сузіралі. Мурашка. [Каваль] сузіраў гэта нейкі момант і не заўважыў, адкуль і як з’явіўся на падножцы мужчына з маладым і вельмі заклапочаным тварам. Савіцкі.
2. Уяўляць у думках што‑н., унікаць розумам у што‑н. [Дзед] любіў і пасядзець моўчкі, паглыбіўшыся ў свае думкі, нібы сузіраючы пройдзены шлях свайго доўгага жыцця. Машара.
сузо́р’е, ‑я, н.
Участак зорнага неба, група зорак, аб’яднаная агульнай назвай. Высока, высока над вёскай мігаціць сузор’е Вялікай Мядзведзіцы. Брыль. Ноч. Пад сузор’ямі Стажараў Маўчыць зямля ў нямой цішы. Звонак. // перан.; каго-чаго. Група выдатных дзеячаў, пісьменнікаў і пад., якія працуюць сумесна, у адну эпоху. У М. Стральцова ўзнікла патрэба падзяліцца некаторымі сваімі думкамі пра найярчэйшае сузор’е выдатных песняроў XX стагоддзя. Юрэвіч.
суіснава́нне, ‑я, н.
Адначасовае ці сумеснае існаванне каго‑, чаго‑н. Характэрнай рысай станаўлення навукова-публіцыстычнага стылю беларускай літаратурнай мовы з’яўляецца шырокае суіснаванне ў гэтай сферы дзвюх літаратурных моў — беларускай і рускай. Гіст. бел. літ. мовы.
•••
Мірнае суіснаванне — важнейшы прынцып ленінскай знешняй палітыкі, які ляжыць у аснове адносін паміж дзяржавамі з розным грамадскім ладам.
суіснава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
Існаваць адначасова ці сумесна з кім‑, чым‑н.
суісну́ючы,
1. ‑ая, ‑ае. Дзеепрым. незал. цяпер. ад суіснаваць.
2. ‑ая, ‑ае; у знач. прым. Які існуе адначасова ці сумесна з кім‑, чым‑н.
3. Дзеепрысл. незак. ад суіснаваць.
сук, ‑а, м.
1. Буйны бакавы парастак, які ідзе ад ствала дрэва. То шышка зваліцца з хваіны, То сук збуцвелы ападзе. Астрэйка. Стаяла .. [груша] голая, счарнелая, з вузлаватымі сукамі. Лынькоў. Хочаш — зверху страляй, забраўшыся на ёмкі сук; хочаш — прама з-за дрэва. Курто.
2. Астатак ад зрэзанага бакавога парастка ствала ў дошцы, бервяне. [Арлоўскі:] — Дошкі ў мяне ёсць, толькі вельмі сукаватыя, ёсць без сукоў, ды ў гразі — гэблі патупіце. Чорны. Стаў Максімка да станка, Гэблік сціснула рука. Шмаргануў — на дошцы сук... Дзеружынскі.