шпі́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Прыстасаванне з тонкага дроту або пластмасы для заколвання валасоў у жаночай прычосцы. Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны. Арабей.
2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне (галоўку). Закалоць кішэню шпількай. // Адзін з відаў іголкі, на тупым канцы якой прымацавана галоўка. Калола Антона гэтае запытанне, нібы накаленая да чырвані шпілька. Бядуля. // Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночых галаўных убораў. Жанчына ў старасвецкай дамскай шапачцы, з вялікаю шпількаю ўпоперак цераз яе. Чорны. // перан.; чаго. Пра тое, што падобна на іголку. З зямлі тырчаць чорныя пакручастыя, вузлаватыя карэнні дрэў ды рудыя шпількі вымершай травы. Новікаў.
3. У шавецкай справе — цвік з падвойнай плешкай. Чаравікі на шпільках.
4. Спец. Стрыжань без галоўкі і з разьбой на абодвух канцах, які служыць для змацавання дэталей.
5. толькі мн. (шпі́лькі, ‑лек). Разм. Вузкія і высокія абцасы ў жаночых туфлях, а таксама туфлі на такіх абцасах. Сядзяць будучыя цешчы, Языкі свае палошчуць, Што ў настаўніцы Алёнкі Закароткая сукенка, Што абцасікі як шпількі ў заатэхніка Марылькі. Танк. [Таня] была ў белым лёгкім плацці і белых лодачках-шпільках. Паўлаў.
6. перан. З’едлівая заўвага, колкасць. Гаворка.. пацякла жвавей і лагодней, у ёй не было ўжо ні падкалуплівання, ні шпілек. Хадкевіч. — От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох. Колас.
•••
Падпусціць шпільку гл. падпусціць.
шпі́лькавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпількі. Шпількавая галоўка.
шпіля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго.
Разм. Дапякаць, дакараць каго‑н., падколваць. Амаль усіх мужоў жонкі шпіляюць на людзях, злосна ці кпліва, Мілана — ніколі. Шамякін.
шпіна́т, ‑у, М ‑наце, м.
1. Травяністая расліна сямейства лебядовых, маладое сакавітае лісце якой ідзе ў ежу. Амаль 50 тыс. га займаюць у БССР разнастайныя гароднінныя культуры: ад капусты і памідораў да баклажанаў і шпінату. Прырода Беларусі.
2. Прыправа або ежа, прыгатаваныя з лісцяў гэтай расліны. Там давалі толькі шпінат, Без заправы, Без грама солі... Аўрамчык.
[Ням. Spinat.]
шпіна́тавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпінату. Шпінатавы корань. Шпінатавы ліст. // Прыгатаваны са шпінату. Шпінатавае пюрэ.
шпіна́тны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і шпінатавы. Шпінатны суп.
шпінгале́т, ‑а, М ‑леце, м.
1. Металічная засаўка для запірання створак вокнаў, дзвярэй. Ускочыць на падаконнік, адвярнуць шпінгалеты — секунда часу. Вось толькі не была б рама прыбіта цвікамі. Хомчанка.
2. Разм. Пра падлетка, які мае малы рост. Каля іх круціўся Косцік. Падысці і сесці з імі не адважваўся, разумеў, што ён для іх не кампанія, яны дарослыя, а ён — шпінгалет, але Косціка, мусіць, цягнула да іх, усё выскаляўся каля іх, крыўляўся. Арабей.
[Ад фр. espagnolette.]
шпі́ндэль, ‑я, м.
1. Вал металарэзнага станка з вярчальным рухам. Токар замацаваў у шпіндэлі доўгі вал, уключыў рухавік, і з-пад разца пачала завівацца сіняватая стружка. Чаркасаў.
2. Верацяно ў прадзільнай машыне.
3. Вось якога‑н. механізма, прыстасавання (катушкі, суднавага шпіля і пад.).
[Ням. Spindel.]
шпі́ндэльны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да шпіндэля. Шпіндэльны падшыпнік. Шпіндэльны корпус. Шпіндэльная бабка. // Звязаны з прымяненнем, выкарыстаннем шпіндэля. У цэху праводзіцца.. працаёмкая аперацыя — перамотванне пражы з маткоў.. у бабіны, якія затым пагружаюцца ў шпіндэльныя каляскі. «Звязда».
шпіталізава́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад шпіталізаваць.
2. у знач. прым. Якога шпіталізавалі, які знаходзіцца на лячэнні ў бальніцы або шпіталі.