шпілька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Прыстасаванне з тонкага дроту або пластмасы для заколвання валасоў у жаночай прычосцы. Тады мама нагнулася і, выняўшы з валасоў шпільку, выкалупала ключык са шчыліны. Арабей.
2. Засцежка для вопраткі, адзін канец якой хаваецца ў кручкаватае паглыбленне (галоўку). Закалоць кішэню шпількай. // Адзін з відаў іголкі, на тупым канцы якой прымацавана галоўка. Калола Антона гэтае запытанне, нібы накаленая да чырвані шпілька. Бядуля. // Іголка з каляровай галоўкай для аздаблення жаночых галаўных убораў. Жанчына ў старасвецкай дамскай шапачцы, з вялікаю шпількаю ўпоперак цераз яе. Чорны. // перан.; чаго. Пра тое, што падобна на іголку. З зямлі тырчаць чорныя пакручастыя, вузлаватыя карэнні дрэў ды рудыя шпількі вымершай травы. Новікаў.
3. У шавецкай справе — цвік з падвойнай плешкай. Чаравікі на шпільках.
4. Спец. Стрыжань без галоўкі і з разьбой на абодвух канцах, які служыць для змацавання дэталей.
5. толькі мн. (шпількі, ‑лек). Разм. Вузкія і высокія абцасы ў жаночых туфлях, а таксама туфлі на такіх абцасах. Сядзяць будучыя цешчы, Языкі свае палошчуць, Што ў настаўніцы Алёнкі Закароткая сукенка, Што абцасікі як шпількі ў заатэхніка Марылькі. Танк. [Таня] была ў белым лёгкім плацці і белых лодачках-шпільках. Паўлаў.
6. перан. З’едлівая заўвага, колкасць. Гаворка.. пацякла жвавей і лагодней, у ёй не было ўжо ні падкалуплівання, ні шпілек. Хадкевіч. — От такіх кілбас няма там у калгасе, — тонкую шпільку пусціў Цімох. Колас.
•••
Падпусціць шпільку гл. падпусціць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)