Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

шлюз, ‑а, м.

1. Гідратэхнічнае збудаванне, прызначанае для пераводу суднаў з адной воднай прасторы ў другую, з іншым узроўнем вады. На сваім шляху ад Павянца да Сарок наш параход пройдзе 19 шлюзаў. Галавач.

2. Адтуліна з засаўкай у плаціне, праз якую выпускаецца вада. Мне добра чуваць шум вады, што пад узнятым шлюзам кідаецца цераз загародку і сваёй мелодыяй напамінае пра млын. Мыслівец. Каля шлюза сабралася трохі ціны, і Сагайдак выцягнуў яе граблямі на бераг. Парахневіч.

3. Спецыяльнае прыстасаванне ў выглядзе шырокага нахіленага жолаба ці латка для прамывання залатаноснага пяску ці здробненай руды.

[Ням. Schleuse.]

шлюзава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. шлюзаваць.

шлюзава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад шлюзаваць.

шлюзава́цца, ‑зуецца; незак.

1. Праходзіць, праплываць праз шлюз, шлюзы (у 1 знач.).

2. Зал. да шлюзаваць.

шлюзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

1. Устанавіць (устанаўліваць) шлюзы (у 1 знач.). Шлюзаваць раку.

2. Прапусціць (прапускаць) праз шлюз, шлюзы (пра судны). Шлюзаваць танкер.

шлю́завы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да шлюза (у 1 знач.). Шлюзавыя вароты.

шлюзавы́, а́я, ‑о́е.

Які мае адносіны да шлюза; аснашчаны шлюзамі. Шлюзавая камера. // Які звязаны з эксплуатацыяй шлюза, абслугоўваннем шлюза. Шлюзавая брыгада. Шлюзавы рабочы.

•••

Шлюзавая лесвіца — група шлюзаў, размешчаных на адным схіле.

шлю́зны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і шлю́завы.

шлюп, ‑а, м.

1. Трохмачтавы карабель у парусным флоце 18–19 стст., аснашчаны прамымі парусамі. На двух шлюпах «Усход» і «Мірны» Ф. Ф. Белінсгаузен і М. П. Лазараў накіраваліся на поўдзень. «Беларусь».

2. Марское аднамачтавае судна з двума парусамі (галоўным чынам спартыўнае).

3. Ціхаходны вартавы карабель для аховы транспартных караванаў у некаторых сучасных замежных флотах.

[Гал. sloep.]

шлю́пачны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да шлюпкі, прызначаны для яе. Шлюпачны компас. Шлюпачны кіль. // Прызначаны для вырабу, рамонту ці захоўвання шлюпак. Шлюпачныя майстэрні. // Які праводзіцца, здзяйсняецца пры дапамозе шлюпкі, шлюпак. Шлюпачныя спаборніцтвы. Шлюпачнае плаванне. Шлюпачны пераход.

2. Звязаны з плаваннем на шлюпках, з іх абслугоўваннем. Шлюпачная каманда.

шлюпбэ́лька, ‑і, ДМ ‑льцы, ж.

Металічная бэлька, прызначаная для спуску шлюпак на ваду і падымання іх на борт.

[Гал. sloepbalk.]