Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ца́рстваваць, ‑ствую, ‑ствуеш, ‑ствуе; незак.

1. Быць царом (царыцай); кіраваць дзяржавай. Я ведаю.. [Мікіту], можна сказаць, даўно, люблю паслухаць расказы старога пра даўнюю службу ў аўстра-венгерскай арміі, калі яшчэ, як ён кажа, царстваваў Франц-Іосіф. Брыль.

2. перан. Пераважаць; першынстваваць над усімі ў якіх‑н. адносінах.

3. перан. Напаўняць сабой; дамінаваць.

ца́рственнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць царственнага.

ца́рственны, ‑ая, ‑ае.

1. Уст. Які належыць цару. Царственная ўлада.

2. перан. Кніжн. Велічны, вялікасны. Царственны жэст. Царственны выгляд.

цары́зм, ‑у, м.

Дзяржаўны лад, пры якім вярхоўная неабмежаваная ўлада належыць цару; царскі рэжым. Частка думскіх дэпутатаў.. прапанавала звярнуцца з думскай трыбуны да ўсіх сялян з заклікам аказаць дапамогу думе ў барацьбе з царызмам. Колас. Таксама, як і ўкраінскі народ, стагнаў наш народ пад ярмом польскіх паноў і царызму. Купала.

цары́сцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да царызму. Царысцкая палітыка.

цары́ца, ‑ы, ж.

1. Жан. да цар.

2. Жонка цара.

3. перан.; чаго. Тая, што пануе, першынствуе дзе‑н., перавышаючы ўсіх якімі‑н. якасцямі. Усё жыццё сваё табе ахвярую; будзь ты ўладарніцай душы маёй, царыцай песень маіх! Бядуля. / у вобразным ужыв. Пакланюся я табе, царыца, Чыстая, сцюдзёная вадзіца. Багдановіч.

•••

Царыца палёў — пяхота. Былі ў гэтым яго настроі і адчай, і заліхвацкасць, і нецярплівасць бывалага франтавіка, якому яшчэ давядзецца паваяваць, і не дзе-небудзь, а ў царыцы палёў — пяхоце. Лупсякоў.

царэ́віч, ‑а, м.

Сын цара.

царэ́ўна, ‑ы, ж.

Дачка цара.

цаўё, ‑я, н.

1. Пярэдняя частка ложа стралковай зброі, на якую ўкладваецца ствол.

2. Доўгая тонкая частка чаго‑н., звычайна дзяржання. У рыдлёўцы доўгае цаўё, і Юрку ў яме з ёй цесна... Пташнікаў.

ца́хкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Абл. Утвараць гукі, падобныя на лёскат зубоў. — Сяджу, калачуся, а .. [ваўкі] ўжо цахкаюць тут, ляскаюць зубамі. Сабаленка. Працаваў дзядзя Міша нажніцамі, але яны не цахкалі, а шапацелі, спявалі! Паслядовіч.