жы́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
1. Памянш. да жыла (у 1 знач.); тоненькая жыла. Коркія зусім блізка бачыў адрузлы, маршчыністы твар з чырвонымі жылкамі на пераноссі. Самуйлёнак. Вось з-за лесу ўстала сонца, Рассыпае каснікі, Залатыя ручнікі, І цалуе праз аконца Збітых кудзер валаконцы, Жылкі сінія рукі. Колас.
2. Ніць, вырабленая з сухажылля, капрону і пад.; лёска. Па дзень нараджэння тата падарыў сыну дзве вуды з капронавай жылкай. Юрэвіч.
3. Сасудзіста-валакністае патаўшчэнне ў выглядзе ніці ў лістах раслін і крылах насякомых. Павел Ільіч разглядаў малады, шыракалісты фікус, у якім на сонцы прасвечваліся тоненькія жылкі. Гурскі.
4. Ніцепадобная палоска ў горнай народзе, якая вылучаецца колерам. Мармур з чорнымі жылкамі.
5. перан.; якая або чыя. Здольнасць або прыродная схільнасць да чаго‑н. Працоўная жылка. Творчая жылка.
жылкава́нне, ‑я, н.
Размяшчэнне жылак у лісці раслін і крылах насякомых. Жылкаванне лісця.
жылкава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З вялікай колькасцю жылак (у 1, 3 і 4 знач.).
жы́лкавы, ‑ая, ‑ае.
Зроблены з жылкі (у 2 знач.). Лескі з кепскага воласу і баваўняныя шнуры ў залежнасці ад таўшчыні і трываласці лепш за ўсё аснашчаюць жылкавымі павадкамі сячэннем ад 0,25 да 0,15 міліметраў. Матрунёнак.
жы́лле, ‑я, н., зб.
Разм. Жылы (гл. жыла ў 1, 2 знач.). Крывёю паліліся не толькі шчокі, а і вушы, лысіна, шыя, на якой зараз жа павыпіналася жыллё. Ермаловіч.
жыллё, ‑я, н.
1. Населенае месца; месца, дзе жывуць людзі; паселішча. Азяблыя галубы ціснуліся да жылля, садзіліся на падаконнікі. Жычка. Жыллё чалавечае ён абміне Балотам, гушчарам як толькі мага. Зарыцкі.
2. Памяшканне (дом, хата, пакой і інш.), у якім хто‑н. жыве. Другі пакой, больш прасторны, служыў.. [гаспадыні] жыллём. Ракітны. // Пра гняздо, нару, логава і пад. Адны з .. [дзятлаў] заняты звычайнай работай: шукаюць у кары на абед чарвякоў: другія — больш важнай: будуюць жыллё. Якімовіч.
жыллёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жылля, звязаны з яго выкарыстаннем. Жыллёвае пытанне. Жыллёвае будаўніцтва. Жыллёвыя ўмовы.
жылпло́шча, ‑ы, ж.
Плошча дома, кватэры і пад., прызначаная для жылля; жыллёвая плошча. // Памяшканне для жылля, кватэра. Дэмабілізаваўся [генерал-маёр] і хоча жыць у Мінску, але, каб прапісацца, трэба знайсці вольную жылплошчу. Карпаў.