Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бязгрэ́шнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць бязгрэшнага. Максім Багдановіч — прыхільнік маральнай бязгрэшнасці чалавека; ён услаўляе маральную чысціню адносін да цудоўнага тварэння прыроды — жаночай красы і прыгажосці. Майхровіч.

бязгрэ́шны, ‑ая, ‑ае.

1. Які не зрабіў граху, правіннасці; маральна чысты. Бязгрэшны чалавек. Бязгрэшнае дзіця.

2. Які не мае ў сабе нічога агіднага, дрэннага; чысты. Бязгрэшныя забавы. Бязгрэшнае каханне.

бязгу́чнасць, ‑і, ж.

Цішыня, маўклівасць. Сярод белай зімовай бязгучнасці бягуць цені каня, саней і хлопца ў кажусе. Лужанін.

бязгу́чны, ‑ая, ‑ае.

Які не суправаджаецца гукам, бясшумны. Пад раніцу з захаду паднялася цёмная хмара. Цяжкая, шырокая, яна павольна ўздымалася ў неба, гасячы зоры. Аб ёй дагадаліся па водблісках далёкіх бязгучных маланак. Галавач. На маладой асінцы лісце дрыжала, але дрыжанне гэтае зусім было бязгучнае. Чорны.

бязда́рнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць бяздарнага; адсутнасць здольнасці, таленту. Апрача таго, гэта значыла б прызнацца ў сваёй бяздарнасці. Дубоўка.

2. Бяздарны чалавек; бездар. Як ні пнецца Вінцэнт Барташэвіч, з яго ніколі не будзе сапраўднага журналіста, і ён, мусіць, імкнецца ганіць усё добрае, каб самому не здавацца бяздарнасцю. Сабаленка.

бязда́рны, ‑ая, ‑ае.

Які не мае здольнасці, таленту. Бяздарны артыст. □ Урач яна [Гаецкая] была бяздарны, але арганізатар неблагі. Шамякін. // Выкананы неталенавіта (пра творы літаратуры, мастацтва і пад.). Бяздарны раман.

бяздзе́йнасць, ‑і, ж.

Адсутнасць дзейнасці; пасіўнасць. Неспакойная душа [Кірылы Арлоўскага] ніяк не магла пагадзіцца нават з самай малою нерухавасцю, абыякавасцю, бяздзейнасцю. Паслядовіч. — Не цяжкасці палохаюць мяне, а бяздзейнасць! — запярэчыў Асташонак. Ваданосаў.

бяздзе́йнікавы, ‑ая, ‑ае.

У граматыцы — які не мае ў сваім саставе дзейніка; бессуб’ектны. Бяздзейнікавы сказ.

бяздзе́йнічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Не праяўляць дзейнасці; пасіўнічаць. Вярнуцца ў Шумілава і чакаць світання — значыць бяздзейнічаць. Чарнышэвіч. // Не працаваць, знаходзіцца ў стане спакою (пра машыны, прадпрыемствы і пад.).

бяздзе́йны, ‑ая, ‑ае.

Які не праяўляе дзейнасці; недастаткова энергічны, пасіўны. Бяздзейны чалавек. // Не звязаны з якой‑н. дзейнасцю або заняткам. Бяздзейнае сядзенне дома. □ Дочкі нават спрабавалі прымірыць бацьку з маці. Але гэта азначала, што яму [Арлоўскаму] трэба было кінуць любімую работу, родныя Мышкавічы, дзе адбываліся вялікія пераўтварэнні, і зноў пачаць бяздзейнае жыццё. Паслядовіч.