Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абаджга́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Апячыся (крапівою).

абаджга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм. Скусаць, пакусаць (пра пчол, аваднёў і інш.); апячы (крапівою).

абадзьму́ць, ‑му, ‑меш, ‑ме; ‑мём, ‑мяце; зак., каго-што.

Разм. Ачысціць, сагнаць што‑н. зверху струменем паветра. Вецер абадзьмуў расу.

абадко́вы, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да абадка.

абадне́цца, ‑днеецца, безас. зак.

Разм. Тое, што і уднець. Раніцы зімою, калі світае як не пад самы полудзень, заўсёды бываюць дужа доўгія — часам нават здаецца, што гэтая шэрая цемень ніколі не абаднеецца. Сіпакоў.

абадо́к, ‑дка, м.

1. Памянш. да вобад; невялікі абруч або паўкруг, які ахоплівае што‑н. [Гаўрусь Каляда] адамкнуў вялізны замок, выняў абадок са скабы, і скрыпучая палавіна гуменных варот адчынілася. Брыль.

2. Аблямоўка, вузкая палоска, якая акаймоўвае што‑н. Вецер зусім сціх, а з-за лесу пачала выпаўзаць шэра-сіняя хмара, акаймаваная залатым абадком чэрвеньскага сонца. Грахоўскі.

абадо́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да вобада, мае форму вобада.

•••

Абадочная кішка гл. кішка.

абадра́нец, ‑нца, м.

Разм. Той, хто ходзіць у падраным, зношаным адзенні; басяк, валацуга. Блецька раз прыгледзеўся, што той [Гальвас] у нейкага абадранца выйграў у карты грошы. Чорны.

абадра́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Жан. да абадранец.

абадра́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад абадраць.

2. у знач. прым. Падраны, пашарпаны. Ад усяго пакоя, ад абадраных сцен, аблупленай столі, разбітай шыбы ў акне аддае холадам пустэчай. Галавач. // У зношаным, падраным адзенні. Ледзь брыдзе па вуліцы шэры натоўп, абадраных, дашчэнту знясіленыя людзей. Васілевіч.