эпідэмі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эпідэміі, мае характар эпідэміі. Эпідэмічнае захворванне. // Прызначаны для барацьбы з эпідэміяй. Эпідэмічныя прышчэпкі. Эпідэмічная камісія.
эпідэ́мія, ‑і, ж.
Шырокае распаўсюджанне якой‑н. заразнай хваробы чалавека. Эпідэмія грыпу. Эпідэмія халеры. □ — Я ведаў не Савіча-здрадніка, а Савіча-ўрача, буйнейшага інфекцыяніста, бясстрашнага чалавека, які за сорак год урачэбнай дзейнасці патушыў дзесяткі эпідэмій. Шамякін. // перан. Пра тое, што хутка пашыраецца. «Хвароба душ», як назваў эпідэмію самагубстваў адзін з вядомых тагачаснікаў-журналістаў, была ў Расіі, як ніколі дагэтуль, пашырана. Галавач.
[Грэч. epidēmía.]
эпідэміялагі́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да эпідэміялогіі. Эпідэміялагічны аналіз.
эпідэміяло́гія, ‑і, ж.
Галіна медыцыны, якая вывучае прычыны ўзнікнення і заканамернасці распаўсюджання эпідэмій і распрацоўвае меры барацьбы з імі.
[Ад грэч. epidēmía — павальная хвароба і logos — вучэнне.]
эпідэ́рма, ‑ы, ж.
Спец. Тое, што і эпідэрміс.
эпідэ́рміс, ‑а, м.
Спец.
1. Знешні, паверхневы слой скуры жывёл і чалавека, які складаецца з эпітэлію.
2. Покрыўная тканка лісця, сцябла, кораня і іншых органаў раслін.
[Ад грэч. epi — на, над і dérma — скура.]
эпізаатало́гія, ‑і, ж.
Галіна ветэрынарыі, якая вывучае заканамернасці ўзнікнення, пашырэння эпізаотый і распрацоўвае меры барацьбы з імі.
[Ад грэч. epi — на, над, пры, zóon — жывёла і logos — вучэнне.]
эпізааты́чны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае характар эпізаотыі. Эпізаатычныя захворванні. // Прызначаны для барацьбы з эпізаотыяй. Эпізаатычны персанал.
эпізады́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан эпізадычнага. Эпізадычнасць праверак.
эпізады́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Нерэгулярны, несістэматычны. Эпізадычная дапамога. Эпізадычны кантроль. □ Вывучаючы яго [Скарыны] жыццё і дзейнасць, можна пераканацца ў тым, што цікавасць да вывучэння прыроды, самога жыцця ў беларускага вучонага праявілася вельмі рана і што яго заняткі медыцынай і баганікай не мелі эпізадычнага характару. Алексютовіч. // Неістотны, які не мае вялікага, рашаючага значэння. Прозвішча выпала ў Шыковіча з галавы — эпізадычная асоба, а яму трэба было ў працэсе запамінаць сотні розных прозвішчаў, беларускіх, рускіх, нямецкіх. Шамякін.
2. Які з’яўляецца толькі ў асобных сцэнах, эпізодах. Потым .. [Манро] паступіла на кінастудыю, здымалася ў эпізадычных нямых ролях. Новікаў. На першым часе навічкі выступалі ў масоўках ці выконвалі эпізадычныя ролі. «Маладосць».