Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

асно́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. асноўваць — аснаваць.

асно́ўвацца, ‑аецца; незак.

1. на чым. Тое, што і грунтавацца. Разважанне асноўвалася на вядомых Чыкілевічу выпадках. Колас.

2. Зал. да асноўваць.

асно́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да аснаваць.

асно́ўны ​1, ‑ая, ‑ае.

Найбольш важны, істотны, галоўны. Асноўны закон. Асноўная думка. Асноўныя сродкі вытворчасці. Асноўная задача. Асноўная спецыяльнасць. / у знач. наз. асно́ўнае, ‑ага, н. Звераў рашыўся на самае асноўнае, што магло яго выручыць. Алешка.

•••

Асноўны капітал гл. капітал.

У асноўным — у агульных, істотных рысах, у галоўным.

асно́ўны ​2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асновы (у 5 знач.). Асноўныя ніткі.

асно́ўны ​3, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да асновы (у 8 знач.). Асноўны вокісел. Асноўная соль.

асо́ба, ‑ы, ж.

1. Сукупнасць уласцівасцей пэўнага чалавека, якія складаюць яго індывідуальнасць. Усебаковае развіццё асобы. // Чалавек з пункту погляду яго характару, паводзін, становішча і г. д. Гераічная асоба. Бязвольная асоба.

2. Асобны чалавек у грамадстве; індывідуум. Роля асобы ў гісторыі. Прыватная асоба.

3. (з адценнем іроніі). Чалавек, які трымае сябе важна, ганарліва; персона. Ну, словам, дзядзька наш — асоба! Колас. // У спалучэнні з ускоснымі склонамі займенніка «свой» або прыметніка «уласны» азначае: самога сябе, самому сабе і г. д. Машыніст па-свойму зразумеў ўсмешку, як пэўную даніну сваёй асобе. Лынькоў. [Саламон] злавіў сябе на тым, што вельмі дбае аб сваёй уласнай асобе. Бядуля.

4. Пра чалавека (часцей жаночага полу), калі не хочуць назваць яго імя. Асоба, якая званіла, відаць, пакрыўдзілася і павесіла трубку. Гурскі.

5. Граматычная катэгорыя, якая паказвае адносіны дзеяння да таго, хто гаворыць; адзначаецца як формай дзеяслова, так і пэўнай групай займеннікаў. Асоба дзеяслова. Дзеяслоў у трэцяй асобе.

•••

Давераная асоба — чалавек, якому што‑н. давяраецца, які можа дзейнічаць ад імя таго, хто давярае.

Дзеючая асоба — персанаж у драматургічным творы.

Зацікаўленая асоба — асоба, якая мае інтарэс да якой‑н. справы.

Службовая асоба — асоба, якая займае якую‑н. пасаду ў дзяржаўным апараце.

Трэцяя асоба — асоба, якая з’яўляецца пабочнай у адносінах да спрэчкі паміж двума бакамі.

Юрыдычная асоба — установа, прадпрыемства ці арганізацыя як носьбіт правоў і абавязкаў.

асо́баснасць, ‑і, ж.

Сукупнасць індывідуальных рыс, асаблівасцей, характэрных для каго‑н. як асобы.

асо́басны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да асобы (у 1 знач.), да суб’екта. Асобасныя характарыстыкі.

асо́біна, ‑ы, ж.

Кожны асобны арганізм, які самастойна існуе; індывідуум.

асо́бна, прысл.

Убаку ад іншых, паасобку. Дзяўчаты і падлеткі ішлі асобна. Мележ. Пакуль вернемся, каб усё гэта перабраў: мак асобна, пясок — асобна. Якімовіч. // Толькі аднаму, без іншых. [Фёдар Мікалаевіч:] — Ну, я яму [Шугаеву] асобна выкажу падзяку. Крапіва. // Паасобку, разлучыўшыся, у адзіноце. Разам — цесна, асобна — моташна. Прыказка.

асо́бнасць, ‑і, ж.

1. Адметнасць, асаблівасць чаго-н; своеасаблівасць. У памяці чытача затрымалася колькі новых імён і ясней адзначыліся асобнасці літаратурных твораў цікавейшых папярэднікаў пісьменнікаў. Багдановіч.

2. Самастойнасць, адасобленасць. Асобнасць [пісьмовай мовы Вялікага княства Літоўскага] ад царкоўнаславянскай, старарускай і рускай літаратурнай моў у сённяшнім разуменне гэтага слова відочная. Чамярыцкі.