Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цытро́н, ‑у, м.

1. Вечназялёная субтрапічная цытрусавая расліна сямейства рутавых з буйнымі жоўтага ці аранжавага колеру пладамі, падобнымі на лімоны.

2. Плод гэтай расліны.

3. Сорт цукерак з памадкаю.

цы́трус, ‑у, м.

1. Дрэва ці куст сямейства рутавых (апельсіны, лімоны, мандарыны і пад.).

2. Плод гэтага дрэва. «А дзе мы цытрусаў, скажыце, набяром?» — Задаў пытанне хтось. Корбан.

[Лац. citrus.]

цытрусаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст па цытрусаводству.

цытрусаво́дства, ‑а, н.

Развядзенне цытрусаў як галіна народнай гаспадаркі.

цытрусаво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цытрусаводства, звязаны з ім. Цытрусаводчая гаспадарка.

цы́трусавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да цытрусаў. Цытрусавыя расліны. Цытрусавыя плантацыі.

2. у знач. наз. цы́трусавыя, ‑ых. Вечназялёныя субтрапічныя і трапічныя пладовыя расліны, да якіх адносяцца лімоны, апельсіны, мандарыны і пад. Культывацыя цытрусавых.

цытры́н, ‑у, м.

Мінерал, разнавіднасць горнага хрусталю жоўтага колеру.

[Лац. citrinus — лімонны.]

цыфербла́т, ‑а, М ‑лаце, м.

Пласцінка з дзяленнямі, па якіх рухаецца стрэлка ў гадзінніках і іншых вымяральных прыборах. Стрэлкі на маленькім цыферблаце слаба паблісквалі. Савіцкі. — Ну, а дарогу назад знойдзеш? — Калі сам не знайду, вось хто дапаможа, — пстрыкнуў пальцам па цыферблаце компаса Лявон. Ляўданскі.

[Ад ням. Zifferblatt.]

цыфербла́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цыферблата; забяспечаны цыферблатам. Цыферблатныя вагі.

цыц, выкл.

Вокрык, якім загадваюць змоўкнуць. — Цыц вы, гультаі, хопіць скардзіцца! — зноў азваўся старшы. Машара. [Стары:] — Цыц, сарокі! Дайце хоць паспаць. М. Ткачоў.