Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пасла́бнуць, ‑не; ‑нем, ‑неце, ‑нуць; пр. паслаб, ‑ла; зак.

Аслабнуць — пра ўсіх, многіх або пра ўсё, многае. Вяроўкі паслаблі. □ — Б’е [машына] па нагах, кажаш? — ажыляецца зноў Вейс. — Дык гэта буксавыя яліны паслаблі... Шынклер.

паслане́ц, ‑нца, м.

Той, хто пасланы куды‑н. для выканання якіх‑н. даручэнняў. У штаб часта заходзілі пасланцы ад партызанскіх брыгад і атрадаў. Шчарбатаў. У тую ж ноч прыйшоў пасланец з пушчы, і .. [Алімпа] пайшла з ім. Сабаленка. / у перан. ужыв. Я ўбачыў.. [Стасю], і мне здалося, што яна — пасланец лёсу. Я ж яе ведаў... Навуменка. Не чайкі — галубы, Пасланцы міру, Ляцяць над нашым мірным караблём. Аўрамчык.

пасла́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да пасланец.

пасла́нне, ‑я, н.

1. Пісьмовы зварот да каго‑н.; пісьмо. Але стрымала мяне пошта дальняя, Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. І ўвесь наступны тыдзень Славік быў заняты тым, што пісаў Шашы пісьмы. Увогуле ён не любіў пісаць. А тут штодня сачыняў даўжэзныя пасланні. Шамякін.

2. Літаратурны твор у форме звароту да каго‑н.

пасла́ннік, ‑а, м.

1. Дыпламатычны прадстаўнік адной дзяржавы ў другой, рангам ніжэй за пасла.

2. Кніжн. уст. Тое, што і пасланец. Пайшоў ён [Алёша] пасланнікам іхнім, Палез да вяршыні па схілу, І згаслі пажары, Грымоты заціхлі, Адчуўшы, што ўзняўся асілак. Калачынскі. Сплю ў каменным сховішчы кватэры, Але што там бухае, як цэп? Хто так гулка стукаецца ў дзверы? Гэта ты, пасланнік поля — Хлеб. Макаль.

пасла́нніца, ‑ы, ж.

1. Жонка пасланніка (у 1 знач.).

2. Жан. да пасланнік (у 2 знач.).

пасла́нніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пасланніка (у 1 знач.).

пасла́ны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паслаць ​1.

пасла́ны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад паслаць ​2.

пасланя́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.

Сланяцца некаторы час. Партызаны яшчэ пасланяліся па станцыі, пагаварылі з вартаўніком вадакачкі, наслухаліся ад яго розных жахаў, што робяцца ў Ворзне і ў Шапавалаўцы. Грахоўскі. [Віця] напіўся чаю, пасланяўся па кватэры, і яму стала сумна аднаму. Якімовіч.

пасла́цца, ‑сцялюся, ‑сцелешся, ‑сцелецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пралегчы, размясціцца на вялікай прасторы. Дарогі вы шасейныя, Шчаслівыя дарогі, Істужкамі паслаліся На нашыя разлогі. Купала. Сядзіць Аўдуля за стырном, Пад сонцам вочы жмурыць. Абшар паслаўся перад ёй, Дзе ўсё з маленства люба: Лагчынкі, Камень пад гарой. Калачынскі.

2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Заняць месца ў прасторы; распаўсюдзіцца па паверхні чаго‑н. Туман паслаўся над лугам. □ Калі ж на вербах невысокі! Паслаўся лёгкі жоўты пух, — Дала яму [Сымонку] бяроза соку, Пасля даў шчаўя цёплы луг. Бялевіч.

3. Разм. Падрыхтаваць, паслаць сабе пасцель. Надзі яшчэ не было дома, Якаў паслаўся на сваёй канапцы і лёг. Кулакоўскі.