Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

трышчаці́ннік, ‑у, м.

Травяністая расліна сямейства злакаў з голым сцяблом і раскідзістай мяцёлкай, расце на лугах, у лясах і сярод хмызняку. Трышчаціннік сібірскі. Трышчаціннік каласісты.

трыя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Кніжн. Адзінства, якое ўтвараецца трыма асобнымі прадметамі, паняццямі або часткамі, членамі.

2. У філасофскай сістэме Гегеля — трохступеньчатае развіццё ідэі, якое вызначае тры ступені ў развіцці з’яў рэчаіснасці: тэзіс, антытэзіс і сінтэз. Дыялектычная трыяда.

[Грэч. triás — тройца, траістасць.]

трыяле́т, ‑а, М ‑леце, м.

Верш з васьмі радкоў, дзе чацвёрты і сёмы паўтараюць першы радок, а восьмы — другі, пры гэтым увесь верш мае дзве рыфмы. [Максім Багдановіч] быў умелы майстар верша — і перад чытачом упершыню разгарнуліся беларускія папірусы пентаметраў і ярка зазвінелі не чутыя на гэтай мове беларускія тэрцыны, трыялеты, актавы... Клышка.

[Фр. triolet.]

трыянгуля́тар, ‑а, м.

1. Спецыяліст па трыянгуляцыі.

2. Назва розных прыбораў, якія выкарыстоўваюцца ў геадэзічных работах.

трыянгуляцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да трыянгуляцыі (у 2 знач.). Трыянгуляцыйная вышка.

трыянгуля́цыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Разбіўка паверхні на трохвугольнікі.

2. Геадэзічны метад знаходжання апорных пунктаў на зямной паверхні для тапаграфічных здымак і геадэзічных вымярэнняў мясцовасці.

[Ад. лац. triangulum — трохвугольнік.]

трыя́с, ‑у, м.

Спец. Першы з трох перыядаў мезазойскай эры ў геалагічнай гісторыі Зямлі.

[Ад. грэч. triás — тройца, траістасць.]

трыя́савы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да трыясу, уласцівы яму. Трыясавыя адкладанні. Трыясавая флора.

трэ, у знач. вык.

Тое, што і трэба. — Не трэ было за свой агарод так трымацца, — папракнуў .. [Варанецкі Зосю]. Дуброўскі. Мусіць, сапраўды трэ было вярнуцца або лепш зусім не патыкацца з лесу, ды .. [Сотнікаў] проста не верыў, што можа захварэць. Быкаў.

трэ́ба 1, у знач. вык.

1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.

2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.

3. безас. каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. — Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.

4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.

•••

Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.

Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.

Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.

Лепш (і) не трэба гл. лепш.

Так і трэба каму гл. так.

Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.

Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.

Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).

Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».

Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.

Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.

трэ́ба 2, ‑ы, ж.

1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.

2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.