трэ́ба 1, у знач. вык.
1. з інф. Неабходна, абавязкова патрэбна. Трэба вячэраць. □ Марылін пасаг, праўда, прадалі з яе згоды і купілі столькі ж зямлі бліжэй. А таму цяпер трэба баяцца, што Мікіта адсудзіць яго. Брыль. [Пніцкі:] — З братам я даўно ўжо не бачыўся. Трэба напісаць яму. Чорны. [Васіль Раманавіч:] — Рызыкаваць трэба разумна, калі ёсць сэнс. Новікаў. Трэба растапіць абавязкова Мёртвы лёд халоднае вайны. Смагаровіч.
2. каго-што і з інф. Патрабуецца, патрэбна. Для гэтага трэба яшчэ шмат матэрыялу. Трэба звярнуцца за дапамогай. Не трэба было так рабіць. □ [Валодзька:] — Не, дзеду, не трэба парома. Ляжы сабе, куры. Брыль. [Урач:] — Трэба хіба насілкі ці што... Мележ. [Жанчына:] — Вам жа кватэра трэба? Даніленка.
3. безас. каму. Пажадана. — Што вам тут трэба? — раптам спытала жанчына з падкрэсленай зычнасцю і патрабаванням. Кулакоўскі. — Што табе трэба? — крычыць лёкай. Якімовіч.
4. Разм. Належаць. Колькі з мяне трэба? □ Два разы на месяц У яго ёсць праца: Атрымаць, што трэба, Потым распісацца. Крапіва.
•••
Гэта ж трэба! — вокліч, які выражае здзіўленне. [Манька:] — Ай-я-яй! Гэта ж трэба!.. А Волька аб’ездчыкава? Ракітны.
Далёка хадзіць не трэба за чым — лёгка прывесці прыклад, факт, доказ для пацвярджэння чаго‑н.
Дзе трэба, дзе не трэба — недарэчы, не да месца.
Лепш (і) не трэба гл. лепш.
Так і трэба каму гл. так.
Трэба думаць — напэўна, мабыць, хутчэй за ўсё.
Трэба сказаць (у знач. пабочн.) — служыць для ўказання на магчымасць, дапушчальяасць якога‑н. азначэння, удакладнення.
Трэба (патрэбны) як сабаку пятая нага — зусім, ані (не трэба, не патрэбны хто‑, што‑н. каму‑н.).
Што трэба (у знач. вык.) — а) вельмі добры (пра каго‑, што-н). Мужык што трэба — свойскі, моцны. Паможа кожнаму ў бядзе. Панчанка; б) вельмі добра, як належыць, як мае быць. [Цытрыкаў:] — Гектараў 15 будзе. — Не менш, — адказаў Музыкін. — Трактар працуе што трэба. «Звязда».
Што трэба, то трэба — абавязкова, неабходна. [Анупрэй:] — Так-то яно так. Што трэба, то трэба, і казаў і кажу, але не ёй жа першай па ражон лезці. Машара.
Як трэба — у адпаведнасці з нормамі, правіламі, існуючым палажэннем.
трэ́ба 2, ‑ы, ж.
1. Даўней — ахвярапрынашэнне. Бывала, перад калядамі збірае [Дарашкевіч] з парафіян трэбу... Чарнышэвіч.
2. Рэлігійны абрад (хрысціны, вянчанне, паніхіда і пад.), які выконваецца свяшчэннікам па просьбе веруючых.