Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

тры, трох, тром, трыма, (аб) трох, ліч. кольк.

1. Лік і лічба 3. Напісаць лічбу тры. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 3. Тры кніжкі. Тры дарогі. □ Садок быў, праўда, невялічкі: Дзве верабіны ды тры дзічкі. Колас.

2. Тое, што і тройка (у 2 знач.).

•••

Бачыць на тры аршыны (на тры сажні) пад зямлёю гл. бачыць.

Гнуцца ў тры пагібелі гл. гнуцца.

Гнуць у тры пагібелі гл. гнуць.

Да трох не гавары каму гл. гаварыць.

Заблудзіць у трох соснах гл. заблудзіць.

За тры крокі ад каго-чаго гл. крок.

Злупіць тры скуры гл. злупіць.

Тры чвэрці да смерці гл. чвэрць.

Уткнуць (уваткнуць, усунуць, уставіць) свае тры грошы гл. уткнуць.

тры... і трох...

Першая састаўная частка складаных слоў; абазначае: 1) які складаецца з трох частак, раздзелаў і пад., напрыклад: трохкласны, трохпакаёвы, трохтомны, трохпавярховы, трыножак, трыплан; 2) які мае тры аднолькавыя прадметы, прыкметы, уласцівасці і пад., напрыклад: трохвугольны, трохматорны, трохстопны; 3) трайны па масе, па аб’ёму, па даўжыні і пад., напрыклад: трохатамны, трохвалентны, трохдзённы, трохрублёвы, трохпудовы.

трыадзі́нства, ‑а, н.

Адзінства трох паняццяў, прадметаў, умоў.

•••

Драматычнае трыадзінства — адзінства часу, месца і дзеяння, якое захоўвалася драматургіяй класіцызму.

трыадзі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з трох паняццяў, з’яў, рыс, уяўляе трыадзінства. Гэты вывад можна аформіць умоўнай трыадзінай формулай: думка — вобраз — слова (для пісьменніка) і слова — вобраз — думка (для чытача). Юрэвіч.

трыацэта́т, ‑у, М ‑таце, м.

Рэчыва, з якога вырабляюць трыацэтатнае валакно; назва гэтага валакна.

трыацэта́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да трыацэтату. Трыацэтатнае валакно. // Зроблены з такога валакна. Трыацэтатны шоўк.

тры́ба 1, ‑ы, ж.

Разм. Шасцярня малатарні. [Марыля] была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Брыль.

тры́ба 2, ‑ы, ж.

Гіст. Кожная з трох груп родаў, якія складалі патрыцыянскую абшчыну; кожная з трох адміністрацыйна-тэрытарыяльных акруг Старажытнага Рыма.

[Лац. tribus.]

трыбалюмінесцэ́нцыя, ‑і, ж.

Свячэнне цел у час іх трэння, разлому, раздаўлівання і пад.

трыбаэлектры́чнасць, ‑і, ж.

З’ява ўзнікнення электрычных зарадаў пры трэнні.

[Ад грэч. tribos — трэнне.]

трыбра́хій, ‑я, м.

У антычным вершаскладанні — стапа з трох кароткіх складоў.

[Грэч. tribrachys.]