трог, ‑а, м.
Спец. Горная даліна карытападобнай формы, утвораная дзейнасцю леднікоў.
[Ням. Trog — карыта.]
тро́е, траі́х, ліч. зб.
Тры (падліковага значэння не мае, ужываецца з назоўнікамі мужчынскага, ніякага або агульнага роду, якія абазначаюць асоб. маладых істот, а таксама з назоўнікамі, якія маюць толькі мн. лік, і з асабовымі займеннікамі ў мн. ліку). Трое братоў. Трое ягнят. Нас было трое. Трое дзвярэй. У нас траіх. / у знач. наз. тро́е, траі́х. У сярэдзіне дня да нас у музей зайшло трое. Кавалёў.
тро́ечнік, ‑а, м.
Разм. Вучань, студэнт, які пастаянна атрымлівае тройкі за вучобу.
тро́ечны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тройкі (у 4 знач.); прызначаны для язды на тройцы. Троечны экіпаж.
тро́йка, ‑і, ДМ тройцы; Р мн. троек; ж.
1. Лічба 3. Напісаць тройку. // Разм. Назва некаторых прадметаў (аўтобус, трамвай маршруту № 3 і пад.), якія нумаруюцца лічбай 3.
2. Разм. Адзнака аб паспяховасці ў пяцібальнай сістэме са значэннем пасрэдна. Клава думала .. пра тыя тры валы, якія яна недабрала на экзаменах. Усяго тры балы. Гэта тройка па пісьму і чацвёрка па хіміі. Кавалёў. Звычайна за вучнем замацоўваецца ў школе стандарт — троечнік, чацвёрачнік, выдатнік: А ў Тамары былі пяцёркі і тут жа тройкі. Ермаловіч.
3. Ігральная карта, дошчачка даміно з трыма ачкамі. Казырная тройка.
4. Трое коней, запрэжаных поруч у адзін экіпаж. Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў: Дзед Мароз, Зіма ў кароне І Сняжыначкі з бакоў. Галіноўская. Грукочучы па мёрзлай зямлі, праляцела тройка сытых коней, запрэжаных у доўгую лінейку. Шамякін. // Экіпаж з трыма запрэжанымі ў яго коньмі. Ляціць тройка па дарозе, толькі пыл курыць ды званок пад дугою звініць. Якімовіч.
5. Група з трох чалавек, кіруючая група, створаная для выканання пэўнай работы. Тройка па барацьбе з паводкай. Аператыўная тройка. □ ЦК ЛКСМБ строга патрабаваў ствараць невялікія групы — тройкі, пяцёркі, якія маглі лепш захоўваць канспірацыю. Дзенісевіч. [Андрэй:] — Паны вязуць нарабаванае дабро... Сялян нашых абабралі... Нам дзве гадзіны назад прыслала тройка загад — спусціць з рэек гэты цягнік... Чарот.
6. Касцюм (мужчынскі або жаночы), у які ўваходзіць пінжак (жакет), штаны (спадніца) і камізэлька. Пашыць тройку.
7. Разм. Тры рублі.
•••
На тройках ехаць гл. ехаць.
тро́йца, ‑ы, ж.
1. У хрысціянскай рэлігіі — трыадзінае бажаство, у якім спалучаюцца тры асобы: бог-бацька, бог-сын і бог-дух святы.
2. Свята хрысціянскай царквы, якое адзначаецца на пяцідзесяты дзень пасля вялікадня; сёмуха. [Яўхім:] — Кланяліся .. [каменю], маліліся і нават у такія святы, як радаўніца, тройца, прыходзілі пад камень частавацца і, адыходзячы, пакідалі трохі ежы. Пестрак.
3. Разм. Пра трох асоб, якія звычайна бываюць разам і сябруюць. [Сёмка:] — Дурная будзе Зося, калі .. не выпра з хаты ўсю тройцу... Гартны. У саўгасе добра памятаюць, як хадзіла да Федасюка на склад дружная тройца: кіраўнік аддзялення, галоўны заатэхнік і ветфельчар. «Вожык».
тро́йчы, прысл.
1. Тры разы. Памерці, вядома, .. [Цярэшка] не хацеў, заўжды прагнуў жыць, тройчы спрабаваў вырвацца на волю. Быкаў. Ды тваіх, смаленскіх [дарог], не забуду У снягах, дажджах і сіняве. Тройчы адбівалі вёску Буду, Тройчы паміралі за яе. Пысін. Будзьце вы хоць тройчы геній, Ёсць такія між людзей: Вас заўжды па ўборах стрэне, Па заслугах правядзе. Непачаловіч.
2. Утрайне. Я ж праслаўлю навекі часіну звароту Сваім шчырым радасным словам .. І двойчы і тройчы! Панчанка. Быць тройчы шчодраму плёну. Лойка.
троль, ‑я, м.
У скандынаўскай міфалогіі — істота (часцей волат), звычайна варожая людзям.
[Швед. troll.]