асвятле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. асвятляць — асвятліць.
2. Святло ад якой‑н. крыніцы. Дзённае асвятленне. Электрычнае асвятленне.
3. Сукупнасць прылад святла. Правесці электрычнае асвятленне.
4. перан. Растлумачэнне, дэтальны разгляд чаго‑н. Навуковае асвятленне пытання. Негатыўнае асвятленне. Знайсці шырокае асвятленне ў друку.
асвятлі́цца, асветліцца; зак.
Стаць бачным, асветленым. Толя падсек і на канцы лескі, пад вадой пачулася даўно чаканае далікатнае супраціўленне. Потым растрывожаная паверхня вады асвятлілася бляскам лускі. Брыль. // перан. Ажывіцца, прасвятлець ад якой‑н. думкі, пачуцця і пад. Замкнёны твар незнаёмага асвятліўся ветлаю ўсмешкаю. Колас.
асвятлі́ць, асвятлю, асветліш, асветліць; зак., каго-што.
1. Зрабіць светлай якую‑н. прастору; напоўніць святлом памяшканне. Мігун не вытрымаў і асвятліў мясцовасць ракетай. Алешка. З горна, як агнявая птушка, узляцела полымя, сыпанула іскрамі ў столь, зашумела і асвятліла кузню чырвоным бляскам. Чарнышэвіч. // Накіраваць святло на які‑н. прадмет, зрабіць яго бачным. [Цётка Марына] з ліхтаром нахілілася да.. [Раманенкі], асвятліла яго твар. Шамякін. // перан. Ажывіць, зрабіць радасным, вясёлым. Танкіст-музыка, як дзяўчына, Усмешкай твар свой асвятліў. Колас.
2. Забяспечыць асвятляльнымі прыстасаваннямі, прыборамі, устаноўкамі; правесці электрычнае святло. Асвятліць вуліцу. Асвятліць дом.
3. перан. Падрабязна расказаць пра што‑н., растлумачыць, зрабіць агляд чаго‑н. Асвятліць падзеі тыдня. □ [Лізунок:] — Вось, таварышы, дазвольце вам тое-сёе сказаць і, як кажуць, асвятліць пытанне, каб была нейкая яснасць. Гаўрылкін.
асвятля́льнік, ‑а, м.
1. Асоба, на абавязку якой ляжыць асвятленне сцэны, стварэнне светлавых эфектаў і пад. У час дзеяння на сцэне асвятляльнікі на дзіва лёгка і хутка арыентуюцца сярод мноства ўсялякіх пражэктараў, люстраў, кандэлябраў. «Маладосць».
2. Тое, што і свяцільня.
асвятля́льны, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаны Для штучнага асвятлення. Асвятляльны прыбор. Асвятляльныя ракеты.
асвятля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да святліцца.
2. Зал. да асвятляць.
асвятля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да асвятліць.
асвяці́цца, асвеціцца; зак.
Стаць бачным, светлым; напоўніцца святлом. На ўзбярэжнай успыхнулі ліхтары, асвяціліся мачты парахода і ілюмінатары. Лупсякоў. Калі Зазвінела першая скаварада і родны твар асвяціўся гарачым подыхам полымя, — я не вытрымаў больш, азваўся: — Добрай раніцы, Мама. Брыль. // перан. Ажывіцца, прасвятлець пад уплывам якога‑н. пачуцця, думкі і пад. Твар Андрэя асвяціўся радасцю. Скрыпка.
асвяці́ць 1, асвячу, асвеціш, асвеціць; зак., каго-што.
1. Зрабіць светлым, напоўніць святлом. Першыя прамені сонца асвяцілі вяршыні дрэў і зазіхацелі на паляне, пакрытай буйнымі кроплямі расы. В. Вольскі. Полымя ад ядлоўцу шуганула высока і асвяціла далёкую бярозу. Пестрак. На завароце .. Святло з фар асвяціла зараснік над ровам. Чорны. // перан. Ажывіць, сагрэць якім‑н. пачуццём і пад. Лёгкая ўсмешка, выкліканая ўспамінамі аб далёкім мінулым, прабегла па.. [Любіных] вуснах, асвяціла вочы, твар. Васілевіч. Не хапае той, якая б асвяціла яго [Веньяміна] жыццё каханнем, стала б другой Палавінай. Навуменка. // перан. Пра думку, здагадку, якая ўзнікла раптоўна. Старасту асвяціла ўрэшце добрая думка. Колас. // перан. Зрабіць светлым, радасным. Загоім раны, адбудуем Свае сялібы зруйнаваны, Сваю Краіну маладую Святлом асвецім нечуваным. Купала.
2. перан. Тое, што і асвятліць (у 3 знач.). Асвяціць у выступленні міжнародныя падзеі. □ Ён [Бародка] жартаваў з людзьмі, цікавіўся, як уладзіліся на начлег, прасіў выступаць, нават падказваў пытанні, якія варта асвяціць сакратару партарганізацыі. Шамякін.
асвяці́ць 2, асвячу, асвяціш, асвяціць; зак., што.
1. Выканаць над чым‑н. царкоўны абрад надання святасці. Асвяціць ваду. Асвяціць пірог.
2. Кніжн. Зрабіць свяшчэнным, ушанаваць.
асвяча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да асвяціць 2.