Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

асаджэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. асадзіць ​4.

аса́дзісты, ‑ая, ‑ае.

Які асеў, аселы; прысадзісты. Побач — будынак самой дырэкцыі, доўгі, нізкі і асадзісты. Пестрак.

асадзі́цца, ‑дзіцца; зак.

1. Умацавацца, надзецца на што‑н. // Уставіцца ў аправу, рамку. // Аказацца ў асадзе (у 4 знач.) (пра акно, дзверы).

асадзі́ць 1, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Умацаваць што‑н. на чым‑н., надзець на што‑н.; прымацаваць. Асадзіць касу. // Уставіць у аправу, у рамку; аправіць. // Паставіць асаду ў вокны, дзверы. Асадзіць акно.

асадзі́ць 2, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

1. Прымусіць рэзка спыніць, запаволіць бег. [Карла] ураз асадзіў каня, крута яго павярнуў і паскакаў прэч пад агульны рогат касцоў. Зарэцкі. // Прымусіць адступіць, падацца назад, асесці. [Багацель:] — Спачатку асадзі крыху назад, хай буферы вагонаў сціснуцца, а потым і перавядзі рэверс на пярэдні ход. Васілёнак. Кнігаўка крычыць, адводзіць драпежніка за Вятранку, а на птушанят ужо заглядзелася гадзюка: маленькія, але прагныя вочкі яе асадзілі іх у траву, пякуць, гатовы праглынуць. Бажко. // Прымусіць апусціцца ўніз. Уначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл і дым. Шамякін.

2. Разм. Зваліць ударам. Вось.. [Міхал] аднаго дзябёлага фашыста штыком пракалоў, другога прыкладам асадзіў, завязалася барацьба з трэцім. Гурскі.

3. перан. Прымусіць каго‑н., хто страціў у чым‑н. пачуццё меры і пад., перамяніць тон, прыціхнуць, змоўкнуць; абарваць ​1 (у 5 знач.). Цытвараў даўно назіраў за Чыжыкавым, падбіраў факты і меркаваў у зручны момант выступіць і асадзіць яго, калі не зусім, то на доўгі час. Алешка.

асадзі́ць 3, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.

Акружыць войскам умацаваны пункт. Асадзіць горад, крэпасць. // перан. Акружыць, стоўпіцца вакол каго‑, чага‑н., дамагаючыся чаго‑н.

асадзі́ць 4, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.

Прымусіць вылучыцца з раствору, вадкасці і апусціцца на дно ў выглядзе асадку.

аса́дка, ‑і, ДМ ‑дцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. асядаць — асесці (у 1 знач.).

2. Дзеянне і стан паводле дзеясл. асадзіць ​1 (у 1 знач.).

3. Спец. Глыбіня апускання судна ў ваду. Карабель з глыбокай асадкай. Няпоўны асадка.

4. Спец. У кавальскай справе — ковачная аперацыя, пры якой павялічваецца таўшчыня загатоўкі за кошт яе вышыні.

5. Тое, што і асада ​2 (у 2 і 3 знач.). На сценах віселі розныя малюнкі ў прыгожых асадках. Колас. // Драўляная частка якога‑н. інструмента, прылады, якая з’яўляецца дзяржаннем металічнай або якой‑н. іншай часткі. Асадка долата. □ Дзед Трыфан любіў буслоў, як любіў ён і галубоў, для якіх спецыяльна на гарышчы хаты ставіў асадкі старых рашотаў, і птушкі ў іх вілі гнёзды. Сабаленка. // Пісьмовая прылада — палачка, у якую ўстаўляецца пяро; тое, што і ручка (у 3 знач.). А тым часам галоўнае было ўсё ўперадзе: дастаць аркуш паперы для кантракта, асадку, чарніла, пяро. Колас. Прывычным вокам Варанецкі агледзеў іх, прывычным жэстам узяў асадку і падпісаў некалькі паперак. Скрыган. А ў рабочым пакоі ляжала асадка і пачаты ліст да маскоўскага сябра. Лужанін.

аса́дкавы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да асадку (у 1 знач.). Асадкавы слой.

2. Спец. Які ўтварыўся шляхам асядання мінеральных і арганічных рэчываў і наступнага іх ушчыльнення і змянення. Асадкавыя горныя пароды.

аса́днік, ‑а, м.

У Польшчы ў перыяд з 1920 па 1939 год — урадавы пасяленец-каланіст на заходнебеларускіх, пераважна пагранічных землях.

аса́дніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асадніка; які належыць асадніку. Асадніцкія надзелы. Асадніцкі фальварак, дом.

аса́дніцтва, ‑а, н., зб.

Асадніцкае (каланісцкае) саслоўе, асаднікі.

аса́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да асады ​1 (у 1 знач.), звязаны з асадай. Асаднае становішча. Асадны рэжым. // Прызначаны для асады. Асадная артылерыя. Асадныя вежы.

•••

Асадныя сяляне гл. селянін.