асадзіць 1, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.
Умацаваць што‑н. на чым‑н., надзець на што‑н.; прымацаваць. Асадзіць касу. // Уставіць у аправу, у рамку; аправіць. // Паставіць асаду ў вокны, дзверы. Асадзіць акно.
асадзіць 2, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.
1. Прымусіць рэзка спыніць, запаволіць бег. [Карла] ураз асадзіў каня, крута яго павярнуў і паскакаў прэч пад агульны рогат касцоў. Зарэцкі. // Прымусіць адступіць, падацца назад, асесці. [Багацель:] — Спачатку асадзі крыху назад, хай буферы вагонаў сціснуцца, а потым і перавядзі рэверс на пярэдні ход. Васілёнак. Кнігаўка крычыць, адводзіць драпежніка за Вятранку, а на птушанят ужо заглядзелася гадзюка: маленькія, але прагныя вочкі яе асадзілі іх у траву, пякуць, гатовы праглынуць. Бажко. // Прымусіць апусціцца ўніз. Уначы прайшоў дождж, патушыў пажары, асадзіў пыл і дым. Шамякін.
2. Разм. Зваліць ударам. Вось.. [Міхал] аднаго дзябёлага фашыста штыком пракалоў, другога прыкладам асадзіў, завязалася барацьба з трэцім. Гурскі.
3. перан. Прымусіць каго‑н., хто страціў у чым‑н. пачуццё меры і пад., перамяніць тон, прыціхнуць, змоўкнуць; абарваць 1 (у 5 знач.). Цытвараў даўно назіраў за Чыжыкавым, падбіраў факты і меркаваў у зручны момант выступіць і асадзіць яго, калі не зусім, то на доўгі час. Алешка.
асадзіць 3, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., каго-што.
Акружыць войскам умацаваны пункт. Асадзіць горад, крэпасць. // перан. Акружыць, стоўпіцца вакол каго‑, чага‑н., дамагаючыся чаго‑н.
асадзіць 4, асаджу, асадзіш, асадзіць; зак., што.
Прымусіць вылучыцца з раствору, вадкасці і апусціцца на дно ў выглядзе асадку.