Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

энтамало́гія, ‑і, ж.

Аддзел заалогіі, які вывучае насякомых.

[Ад грэч. éntomon — насякомае і logos — вучэнне.]

энтамафа́г, ‑а, м.

Жывёліна, якая харчуецца насякомымі.

[Ад грэч. éntomon — насякомае і phagos — які пажырае.]

энтамо́лаг, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне энтамалогіі.

энтрапі́я, ‑і, ж.

1. Спец. Адна з велічынь, якая характарызуе цеплавы стан цела або сістэмы цел.

2. У тэорыі інфармацыі — мера няпэўнасці сітуацыі (выпадковай велічыні) з канчатковым або з цотным лікам зыходаў.

3. У медыцыне — заварот павек унутр.

[Ад грэч. entropia — паварот, ператварэнне.]

энтузія́зм, ‑у, м.

Высокая ступень натхнення, захаплення, душэўны ўздым. Знімаючы паліто, Лабановіч спытаў Шырокага: — Але не баіцеся вы, Тарас Іванавіч, што прымаеце нас, адшчапенцаў, крамольнікаў, ды яшчэ з такім энтузіязмам? Колас. Поўныя энтузіязму, не спыняючыся ні перад якімі цяжкасцямі, яны [камсамольцы] прымалі самы актыўны і непасрэдны ўдзел у ажыццяўленні планаў індустрыялізацыі, у правядзенні калектывізацыі сельскай гаспадаркі, у вырашэнні задач культурнага будаўніцтва. Машэраў.

[Ад грэч. enthusiasmós — высокая ступень натхнення, душэўны ўздым.]

энтузія́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Чалавек, ахоплены энтузіязмам, натхнёны чым‑н. Няхай мне даруе лёс мой учынак, але я адразу надумаў выкарыстаць энергію гэтых юных энтузіястаў на карысць агульнае справы. Дубоўка. // чаго. Чалавек, які ўсе сілы аддае якой‑н. справе, шчыры прыхільнік чаго‑н. Будучы сапраўдным энтузіястам навукі, ён [Скарына] імкнуўся асвоіць яе ў самых розных галінах. Алексютовіч. Адным з кіраўнікоў тэатра быў юны літаратар і энтузіяст аматарскай сцэны Юрый Тарых. «ЛіМ».

энтузія́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да энтузіяст.

энтэры́т, ‑у, М ‑рыце, м.

Спец. Запаленне слізістай абалонкі тонкіх кішак.

[Ад грэч. énteron — кішка.]

э́нцы, ‑аў; адз. энец, энца, м.; энка, ‑і, ДМ энцы; мн. энкі, энак; ж.

Малаколькасная народнасць у Таймырскай аўтаномнай акрузе.

энцыклапеды́зм, ‑у, м.

Шырокая ўсебаковая адукацыя, дасведчанасць у розных галінах ведаў.

[Фр. encyclopédisme.]