Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэабіліта́цыя, ‑і, ж.

1. Аднаўленне чысціні імя, рэпутацыі беспадстаўна абвінавачанай асобы.

2. Аднаўленне ў ранейшых правах асобы, беспадстаўна прыцягнутай да судовай адказнасці.

[Лац. rehabilitatio.]

рэагава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рэагаваць.

рэагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. на што і без дап. Паступаць нейкім чынам у адказ на што‑н., праяўляючы свае адносіны да чаго‑н. Сыпаліся ўдалыя запытанні і адказы, аўдыторыя рэагавала то востраю цішынёю,.. то лёгкім смехам. Лужанін. Вінцэнт не адыходзіў ад стала, ён гэтак рэагаваў на мае папраўкі, на маё выкрэсліванне, быццам я кроіў не тое, што ён напісаў, а рэзаў тупым нажом яго жывое цела. Сабаленка. Як не аднеквайся, як не абурайся, усё ж на скаргу ў газету неабходна рэагаваць. «Звязда».

2. на што. Адказваць якімі‑н. рухамі, рэфлексамі на тое ці іншае раздражненне. Рэагаваць на святло. Сэрца па-рознаму рэагуе на фізічную пагрузку.

3. Уступаць у хімічную рэакцыю. Вокіслы цяжкіх металаў з вадой не рэагуюць.

[Ад лац. re — проці і agere — уздзейнічаць.]

рэаге́нт, ‑у, М ‑нце, м.

Тое, што і рэактыў.

[Ад лац. re — проці і agens, agentis — які дзейнічае.]

рэагра́фія, ‑і, ж.

Метад даследавання функцыі кровазвароту, заснаваны на запісе напаўнення кроўю сасудаў і капіляраў пры дапамозе спецыяльнага прыбора.

[Ад грэч. rhéos — цячэнне, паток і gráphō — пішу.]

рэакліматыза́цыя, ‑і, ж.

У біялогіі — аднаўленне колькаснага і прасторавага распаўсюджання таго ці іншага віду жывёл і раслін, скарачэнне якога адбылося ў выніку гаспадарчай дзейнасці чалавека.

рэа́ктар, ‑а, м.

1. Электрычны апарат для абмежаваныя велічыні токаў кароткага замыкання ў ланцугах пераменнага току.

2. Апарат для ажыццяўлення хімічных рэакцый пры пэўных тэмпературах і цісках.

3. Устаноўка для атрымання атамнай энергіі, заснаваная на выкарыстанні ланцуговай рэакцыі дзялення атамных ядраў.

•••

Атамны (ядзерны) рэактар — тое, што і рэактар (у 3 знач.).

Цяжкаводны рэактар — рэактар, у якім замаруджвальнікам нейтронаў служыць цяжкая вада.

[Ад лац. re — проці і actor — тое, што дзейнічае.]

рэактарабудава́нне, ‑я, н.

Галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца канструяваннем ядзерных рэактараў.

рэакты́ў, ‑тыву, м.

Рэчыва, якое дае характэрную рэакцыю ў злучэнні з іншым рэчывам і тым самым дае магчымасць выявіць наяўнасць апошняга ў якім‑н. саставе, злучэнні.

[Ад лац. re — проці і activus — дзейнічаць.]

рэакты́ўнасць, ‑і, ж.

Спец.

1. Здольнасць выклікаць рэакцыю, быць рэактывам.

2. Здольнасць рэагаваць на знешнія раздражненні. Расстройствы каардынацыі рухаў лягушак могуць тлумачыцца рознай рэактыўнасцю нервовых цэнтраў. «Весці».