рычажо́к, ‑жка, м.
Памянш. да рычаг (у 2 знач.); маленькі рычаг. Гэта была пішучая машынка. Новенькая, з бліскучымі рычажкамі і клавішамі. Жычка.
рыштава́нне, ‑я, н.
Часовае збудаванне з дошак або металічных трубак, якое ўстанаўліваецца ўздоўж сцен будынка для правядзення будаўнічых або рамонтных работ. За дзвярамі вагона мільгалі цагляныя будынкі ў рыштаваннях: будаваліся станцыі. Шамякін. Разабралі рыштаванні, і.. [дом] адкрыўся людзям, радуючы вочы сваім хараством, сваёй чысцінёй, сваёй маладосцю. Мележ. Толькі прынеслі вёдры з пабелкай, як Каця Шуплякова схапіла пэндзаль, спрытна ўскочыла на рыштаванні, папрасіла сябровак, каб падалі, раствор. Мыслівец.
рышто́к, ‑тка, м.
Жалабок, канаўка, раўчук для сцёку вады. Скрозь у полі снег пазганяла ў лагчыны і прыдарожныя рышткі. Чорны. На каменнай платформе, у рыштках, пеніліся ру чайкі. Самуйлёнак.
рышту́нак, ‑нку, м.
1. зб. Набор, сукупнасць прадметаў, прыстасаванняў, неабходных для якой‑н. дзейнасці, занятку, работы. Рыбацкі рыштунак. Вадалазны рыштунак. Паходны рыштунак. □ [Лапецька] як апантаны імчаўся дадому, хапаў свой паляўнічы рыштунак і неўзабаве на бліжэйшым балоце ці ў лесе грымела сапраўдная кананада. Паслядовіч.
2. Абл. Рыштаванне. Колькі ні намагаўся пан адбудавацца, нічога з гэтага не выйшла — як толькі з пабудоў здымалі рыштункі, зноў усё з’ядаў ненажэрны агонь. Сачанка.
рышэлье́, нескл., н.
Ажурная вышыўка, у якой край малюнка абкіданы пяцельным швом, а прасветы запоўнены рашотчатымі злучэннямі.
[Ад уласн. імя.]
рэ, нескл., н.
Другі гук музычнай гамы, а таксама нота, якая абазначае гэты гук.
рэ...
Прыстаўка, якая абазначае: 1) аднаўленне або паўторнасць дзеяння, напрыклад: рэканструкцыя, рэтрапеляцыя; 2) процілеглае дзеянне або супрацьдзеянне, напрыклад: рээвакуацыя, рээміграцыя.
рэабілітава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад рэабілітаваць.
рэабілітава́цца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак. і незак.
1. Атрымаць (атрымліваць) рэабілітацыю.
2. толькі незак. Зал. да рэабілітаваць.
рэабілітава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
1. каго-што. Аднавіць (аднаўляць) чысціню чыйго‑н. імя, рэпутацыі, абвяргаючы ілжывыя абвінавачванні, чуткі. [Дырэктар:] — Якраз цяпер, пакуль яшчэ ніхто нічога не ведае, у вас ёсць магчымасць рэабілітаваць сябе ў вачах грамадскасці. Бажко. [Шыковіч:] — Дык што ж, па-твойму, пакінуць яго ворагам? Не паварушыцца, каб даказаць яго сумленнасць, рэабілітаваць яшчэ адно добрае імя? Шамякін.
2. каго. Аднавіць (аднаўляць) у ранейшых правах асобу, беспадстаўна прыцягнутую да судовай адказнасці, прызнаўшы яе невінаватай. [Ірма:] — Толькі праз дзевяць год даведаліся, што бацька [жывы], што адбываў заключэнне за нейкія там грахі ў вайну. У пяцідзесятым яго рэабілітавалі, але да сям’і ён ужо не вярнуўся. Карамазаў.