Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ры́хтык, прысл.

Разм.

1. Якраз, дакладна (таксама, такі самы). Алімпа ўгледзела праз шыбу акна прыплюснуты нос і вушы, рыхтык такія, як у дзядзькі. Сабаленка. Карацей і прасцей кажучы, .. [гаспадар] гуляў са мной рыхтык так, як гуляе кот з мышкай, не даючы ёй ніякай магчымасці пазбавіцца ягоных кіпцюроў. Дубоўка.

2. у знач. нязм. прым. Выліты хто‑н., падобны на каго‑н. — У клубе сядзеў дзядзька рыхтык наш Пракоп Кульгавы. Хведаровіч. Яшчэ калі малым быў, аднойчы, на вадохрышча, вылепіў са снегу станавога, але ж рыхтык ён. Гурскі.

[Польск. rychtyk, rychtyg з ням.]

ры́цар, ‑а, м.

1. Гіст. У Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі — феадал, які належаў да ваенна-землеўладальніцкага саслоўя. // Конны воін, цяжка ўзброены.

2. перан. Самаадданы, велікадушны і высакародны чалавек, абаронца каго‑н. Аднак ува мне загаварыў рыцар. Я падналёг на напіраўшых і прапусціў зялёны капялюшык да прылаўка. Нядзведскі. Верны рыцар выратоўвае жыццё дамы свайго сэрца. Шыцік. Мы ўсе былі закаханыя ў Ганю. І ўсе адносіліся да яе, як рыцары. Не прыставалі, не надакучалі сваімі прызнаннямі. Чарнышэвіч.

3. чаго. Чалавек, які поўнасцю аддае сябе якой‑н. справе, ідэі. Рыцар парадку. Рыцар навукі.

[Ад ням. Ritter — коннік.]

ры́царскі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да рыцара (у 1 знач.), належыць яму. Рыцарскія латы. Рыцарскі турнір.

2. перан. Самаадданы, велікадушны, высакародны. Рыцарскі ўчынак. □ Падпалкоўнік нахмурыў бровы. — Яўны псіхоз, — сказаў ён. — Рыцарскае самаахвяраванне: я інвалід і таму не хачу псаваць сваякам іхняга жыцця... Асіпенка.

•••

Рыцарскі раман гл. раман.

ры́царства, ‑а, н.

1. Гіст. Ваенна-землеўладальніцкае саслоўе ў Заходняй Еўропе ў сярэднія вякі. // зб. Рыцары.

2. Званне рыцара.

3. перан. Самаадданасць, велікадушнасць, высакародства. [Хлопцы] жартавалі пры .. [Сабіне], спаборнічалі ў дасціпнасці і рыцарства смяяліся. Караткевіч.

ры́цца, рыюся, рыешся, рыецца; незак.

1. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім (пра жывёл). Мыкалі каровы, на прызбах грэбліся куры, каля платоў рыліся парсюкі. Грахоўскі.

2. перан. Разм. Перабіраць, перакладваць, шукаючы што‑н. Неўзабаве ноччу прыйшлі рабіць вобыск: перавярнулі кнігі, рыліся ў рукапісах і забралі іх з сабою. С. Александровіч. У сваім кабінеце застаў Гаварушку. Той, не чакаючы прыходу Шэмета, рыўся ў шуфлядзе стала. Калі ўбачыў, засунуў прыскрынак і ўсхапіўся. Лобан.

рыцы́на, ‑ы, ж.

Алей, які здабываецца з насення клешчавіны (ужываецца як слабіцельнае). І лякарства Як след не было — Толькі рыцына ды кроплі на сон. Броўка.

[З польск. rycyna.]

рыцы́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыцыны, прыгатаваны на рыцыне.

рыць, рыю, рыеш, рые; незак., што.

1. Капаць, раскопваць што‑н. рыхлае, сыпкае (лычом, рылам). Кабан рые павольна і заложна, усё болей і болей углыбляючыся ў зямлю. Колас. // Капаючы, даставаць што‑н. з зямлі; вырываць. Рана ўстане [дзядзька], а дзік, вялікі, як капіца сена, ужо рые бульбу. Карпюк.

2. Вымаючы, выкідаючы зямлю, рабіць паглыбленне, яму (пра жывёл). [Віктар:] — Калі .. [барсукі] рыюць сабе норы, значыцца, яны маглі і нават павінны былі і тут прарыць. Маўр.

•••

Носам рыць (груб.) — выказваць сваю незадаволенасць кім‑, чым‑н., пагарду да каго‑, чаго‑н.

рыча́г, ‑а, м.

1. Стрыжань, які можа вярцецца вакол пункта апоры і служыць для ўраўнаважвання большай сілы з дапамогаю меншай. Падважыць груз рычагом.

2. Дэталь розных машын, механізмаў, звычайна ў выглядзе стрыжня, які служыць для рэгулявання чаго‑н., для кіравання чым‑н. Рычагі кіравання. Рычаг скорасці. □ На прыпынках .. [хлопец] доўгім рычагом, падведзеным да руля, адчыняе дзверцы, упускае пасажыраў. Ракітны. // У тэлефонным апараце — прыстасаванне для злучэння і раз’яднання кантактаў, звычайна ў выглядзе стрыжня з кручком або дзвюма развілкамі, на якія вешаецца або кладзецца трубка. [Бадзюля] доўга яшчэ трымаў трубку, пасля хацеў павесіць на рычаг, не патрапіў, і яна, бразнуўшы, упала на лаву. Пташнікаў.

3. перан. Пра тое, што прымушае дзейнічаць каго‑н., прыводзяць у рух каго‑, што‑н. Вечна будзе рычагом паўстання імя — Ленін. Дудар.

рыча́жны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рычага (у 1 знач.); такі, галоўнай часткай якога з’яўляецца рычаг. Рычажная сістэма. Рычажны механізм.