Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рэакты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец.

1. Які ўжываецца ў якасці рэактыву пры хімічных аналізах. Рэактыўныя рэчывы.

2. Здольны рэагаваць на знешнія раздражненні.

3. Які ўзнікае пад дзеяннем сілы аддачы. Рэактыўны рух. // Які выкарыстоўвае такую сілу. Рэактыўны рухавік. Рэактыўны самалёт.

рэакцы́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рэакцыйнага. Рэакцыйнасць палітыкі. Рэакцыйнасць ідэалогіі.

рэакцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які дзейнічае ў інтарэсах рэакцыі ​2, варожы прагрэсу. Рэакцыйная ідэалогія. Рэакцыйная прапаганда.

рэа́кцыя 1, ‑і, ж.

1. Дзеянне або ўчынак, які з’яўляецца адказам на якое‑н. уздзеянне. Здарылася дзіўнае: вучні заапладзіравалі маім словам. Хлопцы гучна і весела запляскалі. Дзяўчаты сарамліва апусцілі вочы. Такая неспадзяваная рэакцыя збянтэжыла мяне і трохі спалохала. Шамякін. Смех выклікаў у дзяўчат дваякую рэакцыю. Васілевіч.

2. Спец. Адказ арганізма на тое ці іншае знешняе раздражненне або ўздзеянне. Рэакцыя вока на святло. □ Такія рэакцыі прынята лічыць за паказчык актыўнага цячэння інфармацыі. «Весці». // Рэзкая перамена ў самаадчуванне слабасць пасля моцнага напружання, узбуджэння. Рэакцыя пасля перанапружання.

3. Фізіка-хімічнае ўзаемадзеянне паміж двума або некалькімі рэчывамі.

•••

Ланцуговая рэакцыя — рэакцыя, пры якой прадукты яе могуць зноў уступаць у злучэнні з зыходнымі прадуктамі.

Рэакцыя замяшчэння — хімічнае ператварэнне, пры якім у малекуле злучэння атамы аднаго элемента становяцца на месца атамаў другога элемента.

[Ад лац. re — проці і actio — дзеянне.]

рэа́кцыя 2, ‑і, ж.

Палітыка жорсткага падаўлення рэвалюцыйнага руху і грамадскага прагрэсу, якую вядуць эксплуататарскія класы ў барацьбе за захаванне або зварот сваіх правоў і палітычнага панавання. // зб. Рэакцыянеры, рэакцыйныя сілы. Міжнародная рэакцыя. Прошукі рэакцыі. □ І ў Купалы і ў Коласа вораг .. заўсёды называецца сваім спецыяльным імем: «пан», «ксёндз» — цэнтральныя фігуры польскай рэакцыі. Таўлай.

рэакцыяне́р, ‑а, м.

Прыхільнік палітычнай рэакцыі, вораг сацыяльнага і культурнага прагрэсу. Рэакцыянеры [у Іспаніі] лютавалі. Яны любымі сродкамі хацелі ўнесці разлад у лагеры рэспубліканцаў. Кухараў.

рэакцыяне́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да рэакцыянер.

рэа́л 1, ‑а, м.

Даўнейшая іспанская сярэбраная манета.

[Ісп. real.]

рэа́л 2, ‑а, м.

Стол з пахіленай верхняй дошкай, на якую ставіцца каса са шрыфтам для набору.

[Ням. Regal.]

рэалізава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рэалізаваць.

рэалізава́цца, ‑зуецца; зак. і незак.

1. Стаць (станавіцца) рэальным; ажыццявіцца (ажыццяўляцца), здзейсніцца (здзяйсняцца). У ідэях і палітыцы Камуністычнай партыі, у тым, як паслядоўна гэтая палітыка рэалізуецца, беларуская паэзія знаходзіць крыніцу творчага натхнення баявога жыццесцвярджальнага пафасу. «Полымя». Старшыня правярае, як рэалізуецца план сённяшняга дня, складзены напярэдадні вечарам. «Беларусь».

2. Перавесціся (пераводзіцца) у грошы (пра каштоўнасці).

3. толькі незак. Зал. да рэалізаваць.

рэалізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак. і незак., што.

1. Правесці (праводзіць) у жыццё; ажыццявіць (ажыццяўляць), здзейсніць (здзяйсняць). Рэалізаваць планы. Рэалізаваць задумы. □ [Райхенау:] Перад пагрозаю смерці ваша галава пачала інтэнсіўна дзейнічаць. Ну што ж, паспрабуйце рэалізаваць свае планы. Дзейнічайце. Губарэвіч. Адстойваць дабро — значыць раззбройваць зло, вынішчаць яго карэнне і рэцыдывы.. Гэта добра разумее Мікола Маляўка, хоць яшчэ і не поўнасцю рэалізуе свае дэкларацыі. Грахоўскі.

2. Перавесці (пераводзіць) у грошы; прадаць (прадаваць). Рэалізаваць прадукцыю. Рэалізаваць тавар.