рэагаваць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. на што і без дап. Паступаць нейкім чынам у адказ на што‑н., праяўляючы свае адносіны да чаго‑н. Сыпаліся ўдалыя запытанні і адказы, аўдыторыя рэагавала то востраю цішынёю,.. то лёгкім смехам. Лужанін. Вінцэнт не адыходзіў ад стала, ён гэтак рэагаваў на мае папраўкі, на маё выкрэсліванне, быццам я кроіў не тое, што ён напісаў, а рэзаў тупым нажом яго жывое цела. Сабаленка. Як не аднеквайся, як не абурайся, усё ж на скаргу ў газету неабходна рэагаваць. «Звязда».

2. на што. Адказваць якімі‑н. рухамі, рэфлексамі на тое ці іншае раздражненне. Рэагаваць на святло. Сэрца па-рознаму рэагуе на фізічную пагрузку.

3. Уступаць у хімічную рэакцыю. Вокіслы цяжкіх металаў з вадой не рэагуюць.

[Ад лац. re — проці і agere — уздзейнічаць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)