ры́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да рыбы, уласцівы ёй. Рыбныя запасы. Рыбны пах. // Звязаны са здабычай, продажам, купляй, развядзеннем, апрацоўкай і пад. рыбы. Рыбны рынак. Рыбная гаспадарка. Рыбная прамысловасць. // Прызначаны для рыбы. Рыбная тара. // Прыгатаваны з рыбы. Рыбны суп. Рыбныя катлеты.
2. Багаты рыбай. Рыбнае возера. Рыбнае месца.
рыво́к, рыўка, м.
1. Рэзкі, кароткі рух. Брыгадзір, асядлаўшы буланку, паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль. Нервовымі рыўкамі папраўляла .. [дзяўчына] валасы. Лынькоў. // перан. Спешка, паспешнасць, напружанасць пры выкананні якой‑н. работы. — Не хапайце цераз сілу, працуйце роўна, без рыўкоў, — павучаў нас Федар Рыгоравіч. Рунец. Рывок! Як гэта нязвыкла для Коласа з яго паслядоўнасцю работы над творам. Лужанін. // перан. Скачок у развіцці чаго‑н.
2. У спорце — пад’ём цяжару рэзкім штуршком на сябе.
3. у знач. прысл. рыўко́м. Рэзка, адным рухам. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца і падцягнуў .. платформу [з танкам] да пляцоўкі. Мележ. [Каршукоў] рыўком адчыніў дзверы. Асіпенка.
рыга́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыгаць.
рыгары́зм, ‑у, м.
Кніжн. Суровае, дробязнае прытрымліванне якіх‑н. прынцыпаў, правіл, пераважна ў пытаннях маралі.
[Фр. rigorisme ад лац. rigor — суровасць.]
рыгары́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Кніжн. Той, хто вызначаецца рыгарызмам у паводзінах і перакананнях.
рыгарысты́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць рыгарыстычнага. Рыгарыстычнасць поглядаў.
рыгарысты́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Які адрозніваецца рыгарызмам, уласцівы рыгарысту. Рыгарыстычны погляд на рэчы.
рыга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
Разм.
1. Вывяргаць ротам прынятую ежу; ванітаваць. Незнаёмы ляжаў, скурчыўшыся абаранкам, часта, надрыўна рыгаў. Асіпенка. // перан.; чым. Выкідваць, вывяргаць (полымя, агонь і пад.). У .. [гаспадара] ёсць такая палка, якая рыгае агнём... І калі той агонь пападае ў каго, той памірае на месцы... Сачанка.
2. Моцна ікаць.
ры́гель, ‑я, м.
1. Спец. Папярочная гарызантальная бэлька ў будаўнічых канструкцыях (у каркасных збудаваннях злучае калоны, у фермах — кроквы і пад.).
2. Засаўка ў замку.
[Ням. Riegel.]
рыгну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да рыгаць.