рыво́к, рыўка, м.

1. Рэзкі, кароткі рух. Брыгадзір, асядлаўшы буланку, паставіў у стрэмя нагу, спрытным рыўком узняўся і лёгка сеў. Брыль. Нервовымі рыўкамі папраўляла .. [дзяўчына] валасы. Лынькоў. // перан. Спешка, паспешнасць, напружанасць пры выкананні якой‑н. работы. — Не хапайце цераз сілу, працуйце роўна, без рыўкоў, — павучаў нас Федар Рыгоравіч. Рунец. Рывок! Як гэта нязвыкла для Коласа з яго паслядоўнасцю работы над творам. Лужанін. // перан. Скачок у развіцці чаго‑н.

2. У спорце — пад’ём цяжару рэзкім штуршком на сябе.

3. у знач. прысл. рыўко́м. Рэзка, адным рухам. Паравоз рыўком скрануў эшалон з месца і падцягнуў .. платформу [з танкам] да пляцоўкі. Мележ. [Каршукоў] рыўком адчыніў дзверы. Асіпенка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)