ры́жы, ‑ая, ‑ае.
1. Чырвона-жоўты (пра колер валасоў, шэрсць). Загарэў старшыня, яшчэ больш вылінялі ад спёкі рыжыя бровы. Бялевіч. Не страшны быў гэты вартавы, хоць і з вялікімі рыжымі вусамі. Кулакоўскі. // З валасамі, шэрсцю такога колеру. «Залатая сястра», — сказаў неяк Яраш. Урачы прынялі гэта як жарт: Маша была рыжая, і не проста рыжая, а ўся агніста-чырвоная. Шамякін. // Чырванавата-жоўты, светла-карычневы (пра колер розных прадметаў, а таксама раслін і жывёл). Сапраўды, з-за небасхілу паказвалася сонца — вялікае, рыжае. Карпаў. Ліст пажоўклы, рыжы Прабіваюць кроплі. Ляпёшкін. У рукі .. [Валі] далі лазовы кош з рыжым пеўнем. Якімовіч. // Які выліняў ад сонца, дажджу, стаў бурым. Рыжая хустка. Рыжая ватоўка.
2. у знач. наз. ры́жы, ‑ага, м.; ры́жая, ‑ай, ж. Пра чалавека, звера з валасамі, шэрсцю чырвона-жоўтага колеру. [Ігнат:] — У той жа момант, забыўшыся і пра шкуру, смальнуў я з другога ствала. І вось тут, братка ты мой, рыжы як падхопіцца ды як сігане цераз поле. Ляўданскі.
ры́жык, ‑а, м.
Ядомы пераважна рыжага колеру грыб сямейства сыраежкавых. Пад добры год у глінішчы была процьма рыжыкаў. Васілевіч.
ры́жыкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рыжыка.
рыжына́, ‑ы, ж.
Разм. Рыжы колер; адценне рыжага колеру. Рыжына ў валасах.
рыжэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.
1. Станавіцца рыжым, рыжэйшым. Валасы рыжэюць. □ Лён ужо даўно адцвіў, зялёныя буйныя галоўкі пачыналі рыжэць, перашэптваліся на ветры. Гурскі. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да заходу сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы, каб не рыжэла ад расы. Колас.
2. Вылучацца сваім рыжым колерам, віднецца (пра што‑н. рыжае). На высокіх узгорках рыжэла ржышча. Броўка.
ры́за, ‑ы, ж.
1. Адзенне, якое надзявае свяшчэннік пры набажэнстве. Святая служба канчаецца. Цішкевіч бубніць апошнія малітвы, а. Мадэст скідае рызы. Колас. Айцец Ануфрый быў у пазалочанай рызе. П. Ткачоў. // Параднае, упрыгожанае золатам і серабром адзенне маскоўскіх цароў.
2. Металічная накладка на іконах, якая пакідае адкрытым толькі здымак твару і рук. Тады ён [Юхім] кінуў чарку і ў святліцу, Дзе спала Наста некалі, пайшоў, Там запаліў васковую грамніцу Пад рызамі закураных багоў. З. Астапенка.
рызасфе́ра, ‑ы, ж.
Прыкаранёвая зона глебы, у якой сканцэнтравана вялікая колькасць мікраарганізмаў (бактэрый, грыбоў, актынаміцэтаў).
[Ад грэч. rhíza — корань і sphaira — шар, вобласць.]
рызасфе́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рызасферы.
рыззё, ‑я, н., зб.
Разм. Старое, падранае адзенне. Пятрова жонка складвала .. [у скрыню] непатрэбнае рыззё. Новікаў. Былыя вязні ішлі праз нашы Макраны дадому. Зарослыя бародамі, у рыззі. Каліна. // Анучы, старызна. Затыкала [маці] рыззём аканіцу Ды запальвала ў кухні газніцу. Бічэль-Загнетава. Кастусь віў вуду, чапляў кручок, куплены ў праезджага каравачніка за старое рыззё, і на чарвяка лавіў тоўстых і крыху лянівых плотак. Ваданосаў.
рыззёвы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да рыззя.