Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ры́зыка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.

1. Магчымая небяспека, пагроза чаму‑н. З вялікай рызыкай друкавалі часамі .. патрыёты антыфашысцкія лістоўкі, якія потым распаўсюджваліся па горадзе. Няхай. — Здаецца, пара зразумець табе, дзяўчына, што ў нас на кожным кроку рызыка. Машара. — Задумана смела, я сказаў бы, занадта смела, — Кіеня гаварыў нібы сам з сабой, — але і рызыка вялікая. Шыцік.

2. Дзеянне наўдачу ў якой‑н. справе з надзеяй на шчаслівы канец. [Камандзір:] — Без рызыкі на вайне не бывае. Якімовіч. Гэта была рызыка, але ці ж разумная, рызыка з добрым гаспадарчыя разлікам — добрая справа. Краўчанка. — Як можна без разумнай рызыкі? — пытаўся Кавалеўскі, беручы Максіма Сцяпанавіча пад руку і крыху заходзячы наперад. Карпаў.

3. Абл. Ганарлівасць, фанабэрыстасць. Голы, як бізун [Лявон], а рызыкі столькі, што носа не дастанеш. Чарнышэвіч.

•••

На сваю рызыку (страх) — на сваю адказнасць.

рызыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак.

1. Ісці, адважвацца на рызыку, рабіць рызыкоўны ўчынак. Рызыкаваць хлопцам не хацелася: у іх жа вунь колькі зброі, і яны павінны канешне знайсці партызан... Якімовіч.

2. кім-чым. Ставіць пад пагрозу, падвяргаць небяспецы. Ёсць у Сашы такія сябры, якія гатовы рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць таварыша. Новікаў.

3. з інф. Ісці на ўчынак, звязаны з магчымымі непрыемнасцямі, непажаданымі вынікамі. Рызыкаваць заблудзіцца ў лесе. □ Я здабыў .. [беркута], хоць мне прыйшлося спусціцца ў цясніну, дзе было гняздо, на вяроўцы, і я рызыкаваў стаць кульгавым і на другую нагу. Васілевіч.

4. Абл. Ганарыцца, фанабэрыцца. Гэты чалавек [Жывіцкі] ніколі не вытыкаецца наперад, не хваліцца, не рызыкуе сваімі талентамі і поспехамі. Чорны.

рызыка́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Смелы, адважны чалавек. Настойлівыя рызыканты, яны ныралі ў цёмную ноч, мала думаючы дый не ведаючы, што іх чакае, калі зловяць. Брыль. — Бач ты яго, рызыканта! Перад машынай дарогу пераязджаць! Карпюк.

рызыка́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да рызыкант.

рызыка́нцік, ‑а, м.

Памянш.-зневаж. да рызыкант. Жадаючы перавесці размову на другую тэму, Сцяпан Захаравіч загаварыў: — А таму рызыканціку я камандзіроўку падпісаў... Гурскі.

рызыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

1. Аднакр. да рызыкаваць.

2. з інф., на што і без дап. Нягледзячы на рызыку, адважыцца зрабіць што‑н. Хто з разведчыкаў не рызыкнуў бы на гэта? На вайне без рызыкі нельга. Новікаў. — Дык што, хлопцы, рызыкнём хіба? Як, Уладзік, рызыкнём? — звярнуўся Тургай да сяброў. Колас.

рызыко́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рызыкоўнага, смеласць. [Сімон] раптам прыціх, страціў сваю звычайную рызыкоўнасць. Самуйлёнак.

рызыко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Звязаны з рызыкай, напоўнены рызыкай. Самая цяжкая ўсё-такі служба ў парашутыстаў-дэсантнікаў. Мужная, смелая. І рызыкоўная. Хомчанка. Доўнар ведаў, што яшчэ маладым інжынерам Пазняк пайшоў на рызыкоўную падпольную работу ў тыле ворага. Дуброўскі.

2. Непрыстойны, двухсэнсоўны. Нявеста сарамліва апускала вочы, калі п’яныя, аўдавелыя маладзіцы спявалі рызыкоўныя прыпеўкі. Асіпенка.

рык, ‑у, м.

Моцны працяглы напружаны роў (жывёл). Выпушчаныя з хлявоў каровы, агалошваючы наваколле мычаннем, рыкам, ашалела несліся ў сасоннік. Навуменка. // Дзікі роў, злоснае рыканне (лясных жывёл). Мядзведзі выходзілі з пушчы і сваім рыкам наводзілі жудасць на людзей. Хромчанка. Дзесьці забрахала гіена, і здалёку пачуўся рык ільва. Маўр.

рыка́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыкаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ніна ўявіла вёску, ахопленую пажарам, крыкі і галашэнне жанчын, дзікае рыканне жывёлы, і ў яе замерла сэрца. Шчарбатаў. Здалёк, з пожні каля бярэзніку, даносілася рыканне кароў. Броўка.