Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рыжавало́сы, ‑ая, ‑ае.

З рыжымі валасамі.

рыжава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рыжаватага.

рыжава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі, злёгку рыжы. Валасы яго белыя, як лянок, выгаралі на сонцы і сталі рыжаватымі. Чарнышэвіч. Нізенькі і рыжаваты чалавек, пабачыўшы Міхася, ускочыў з табурэткі, замахаў рукамі, выгукнуў нешта незразумелае. Асіпенка.

рыжаву́сы, ‑ая, ‑ае.

З рыжымі вусамі. Рыжавусы Янка — чалавек, які ўсё ўмее рабіць: і вокны, і шафы. Бядуля.

рыжа́к, ‑а, м.

Травяністая расліна сямейства крыжакветных з жоўтымі кветкамі, з семя якой здабываюць алей у асноўным для тэхнічных мэт.

рыжахво́сты, ‑ая, ‑ае.

З рыжым хвастом. У .. [лесе], бадай, на кожнай сасне барабаняць стракатыя даўганосыя дзятлы і скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч.

рыжашэ́рсны, ‑ая, ‑ае.

З рыжай шэрсцю.

рыжо́цце, ‑я, н.

Разм. Пра каго‑, што‑н. вельмі рыжае. Часцей за ўсё .. [Маша] чула: «Глядзі, якое рыжоцце пайшло!» Шамякін.

рыжу́ля, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і рыжуха. Камендант чамусьці не любіць коз. Ён з першага ж дня загадаў, каб казы не было на двары, і Аннушка адвяла сваю рыжулю на сяло. Няхай.

рыжу́ха, ‑і, ДМ ‑жусе, ж.

Разм. Пра вельмі рыжую жанчыну або жывёліну. Ды асабліва ўдалася цялушка — Сама рыжуха, белае вушка. Бічэль-Загнетава.