Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рыка́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Утвараць рык, рыканне (пра хатніх і лясных жывёл). На дварэ працяжна рыкала карова, чуўся клапатлівы гаспадынін голас. Мележ. Чуваць было, як у суседняй вёсцы рыкаў бугай. Дайліда. І хадзіў, хадзіў, каламі хадзіў вакол лясной хаткі леапард. Зрэдку рыкаў. Караткевіч. // перан. Утвараць моцныя, адрывістыя гукі, якія нагадваюць рык жывёл. А гром рыкаў ужо раз’юшана За кожнай елкай і сасной. Панчанка.

2. Разм. Груба, раздражнёна і адрывіста крычаць на каго‑н. — Ну, ты памалу, не рыкай, — бурчыць спакойна Іван. Лынькоў. — Не рыкаць на мяне! — яшчэ больш, гнеўна скарагаворкай агрызнуўся Вілюевіч. Грамовіч.

рыкашэ́т, ‑у, М ‑шэце. м.

1. Палёт якога‑н. цвёрдага цела пад вуглом пасля ўдару аб якую‑н. паверхню. Вось пырснуў пясок пад нагамі ў Кірэя, на рыкашэце запела куля. Дамашэвіч.

2. у знач. прысл. рыкашэ́там. Адскочыўшы, адляцеўшы пасля ўдару ад якой‑н. паверхні. Кожны [хлапчук] стараецца кінуць так, каб каменьчык адскочыў ад паверхні вады і рыкашэтам праскакаў па ёй як мага больш разоў. В. Вольскі. // перан. Ускосным чынам (паказала, выказана і пад.). Бародку краналі мала, хто-ніхто між іншым, рыкашэтам, як кажуць. Шамякін.

[Фр. ricochet.]

рыкашэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рыкашэту, які папаў рыкашэтам. Рыкашэтная куля.

рыкашэ́ціць, ‑шэчу, ‑шэціш, ‑шэціць; зак. і незак.

Адскочыць, адляцець (адскакваць, адлятаць) рыкашэтам. Рыкашэцілі кулі, абдзіраючы на дрэвах кару. Гурскі.

рыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да рыкаць.

ры́ксдаг, ‑а, м.

Парламент у Швецыі.

[Швед. riksdag.]

ры́кша, ‑ы.

1. ж. У некаторых краінах Усходняй і Паўднёвай Азіі і Афрыкі — невялікая двухколая каляска на рысорах, прызначаная для перавозкі пасажыраў і грузаў.

2. м. Чалавек, які, запрогшыся ў такую каляску, перавозіць пасажыраў і грузы. Стаю. Ужо трэці трамвай празвінеў, І вось падбягае з павозкаю рыкша, Павезці па вуліцы хоча мяне. Прыходзька.

[Япон.]

ры́ла, ‑а, н.

1. Выцягнутая пярэдняя частка галавы ў некаторых жывёл; лыч. Носам хмыкнула Хаўроння, Адвярнула рыла, Рада тым, што дзівака Лоўка абхітрыла. Дзеружынскі.

2. Верхняя або пярэдняя выцягнутая частка чаго‑н. З кішэні капота тырчала куртатае рыла бутэлькі. Асіпенка. Юрка пачуў, як зноў яму балюча ткнулі ў плечы рылам аўтамата, што тупым і цяжкім жалезным прутам. Пташнікаў. Кулямётчыкі павярнулі тупое рыла «максіма» на коннікаў. Хомчанка.

3. Груб. Твар чалавека. — У цябе ж не твар, а такое зладзейскае рыла, якога свет не бачыў! Чорны.

•••

Ні вуха ні рыла гл. вуха.

Суконнае рыла (уст.) — гандляр.

рыла́сты, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і рылаты.

рыла́ты, ‑ая, ‑ае.

1. З доўгім рылам (у 2 знач.). Рылатая бутэлька.

2. З вялікім рылам (пра жывёл). Рылаты кабан.

3. Груб. З тоўстым тварам. Рылаты чалавек.