ры́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і рыначны (у 1 знач.). На шырокім рынкавым пляцы, акурат пасярод мястэчка, было паўнютка сялянскіх вазоў. Зарэцкі.
ры́нуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак.
Імкліва кінуцца, накіравацца куды‑н. ці за кім‑н. Рынуцца ў бой. □ Парфенчык на хвіліну спыніўся, а потым рынуўся да месца стрэлу. Шчарбатаў. // Хлынуць (пра якую‑н. вадкасць). Калі мы праб’ём .. тунелі, вада рынецца ў першую велізарную трубу. Даніленка. З Башкірыі сюды да нас Па трубах нафта рынецца... Барадулін. // перан. Цалкам аддацца якой‑н. дзейнасці. Рынуцца ў бой за ўраджай. □ Пайшоў .. [Ларывончык] у горад працаваць на скабяны завод, а адтуль з галавой рынуўся ў вір рэвалюцыйнай барацьбы. Сабаленка.
ры́нуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Тое, што і рынуцца. Мікіта рынуў да дзвярэй, расчыніў іх .. і, хапіўшы аберуч Бліцкага за плечы, таўхануў за парог. Навуменка. Зверху, з трубы, на Андрэя рынуў цэлы паток халоднай вады. Васілёнак.
2. каго-што і без дап. Пакінуць каго‑, што‑н. без догляду, без падтрымкі. [Галута:] — Я лепей здохну пад адрынай, Але кутка свайго не рыну, З свае не вылезу нары. Колас. А людзі кінулі ўсё, рынулі і паўцякалі, каб хаця самім выратавацца. Галавач.
рып, ‑у, м.
Рэзкі гук, які ўтвараецца пры трэнні, сцісканні і пад. Рып колаў. Рып палазоў. □ Ступаю на хісткія сходцы старой драўлянай лесвіцы. Яны рыпяць пад нагамі, і гэты рып быццам б’е мне ў вушы нечым цяжкім. Сабаленка. Вуліца не спіць: даносяцца прыглушаныя галасы, рып калодзежнага жураўля. Навуменка. У хаце ніхто не абзываўся, нібы не чулі прарэзлівага рыпу дзвярэй і Надзінага тупату ля парога. Бураўкін. / Пра гукі гармоніка. Чутны рып гармоніка, Бубна ранні гром. Узыходзіць сонейка. Куляшоў.
ры́панне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыпаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.
ры́пацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак. (пераважна ў форме заг. з адмоўем).
Разм. Намагацца, старацца пайсці куды‑н., зрабіць што‑н. — Нам, Якаў Пятровіч, загадана сядзець на месцы, і не рыпацца... Паслядовіч. [Баранавіч:] — Сядзі ты, кажуць, бацькаў хаце, ды не рыпайся, без цябе, кажуць, дагледзім. Чорны.
ры́паць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.
1. Утвараць рып; рыпець. Сям-там рыпалі дзверы, калодзежныя жураўлі. Чарнышэвіч. Рыпаў калодзежны вочап, бразгалі кацялкі і булькалі біклажкі. Грахоўскі. // чым. Утвараць рып, рыпець чым‑н. Бацька з Колем выйшлі на двор. Даўгавата там стукалі тапаром, рыпалі варотамі ў хлеў. Мыслівец.
2. Разм. Іграць непрафесійна на якім‑н. музычным інструменце (звычайна на гармоніку). На процілеглым канцы [вёскі], бадай ля самай шашы, рыпае гармонік, глуха бухае бубен. Навуменка. Звычайна, нудна, усюды адну і тую ж польку рыпае прывітальна мясцовы гармонік. Брыль.
рыпе́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыпець, а таксама гукі гэтага дзеяння. Пачуўшы галасы і рыпенне варот, на двор выбег Лёнька. Гамолка. Пад рыпенне гордых мачтаў Расслухаў я ў марскім гуле Калыскі скрып і голас матчын. Лойка.
рыпе́ць, ‑піць; незак.
Утвараць рып, скрыпець. Падлога рыпіць. Боты рыпяць. □ Цягнік грукаў, рыпеў і калываўся, як стары нямазаны воз, спыняўся на кожным паўстанку. Грахоўскі. Рыпіць пад нагамі снег, прыемна пашчыпвае шчокі лёгкі мароз, а ты ідзеш і думаеш... Васілёнак.
рыплі́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і рыпучы. Старшыня па-гаспадарску пакратаў расчыненыя рыплівыя дзверы. Быкаў.