Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рысава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад рысаваць.

рысава́цца, ‑суюся, ‑суешся, ‑суецца; незак.

1. Віднецца, вылучацца (сваім колерам, абрысамі і пад.) на фоне чаго‑н. На тым баку, за жытнёвым полем, рысаваліся на блакіце неба стрэхі. Васілёнак.

2. перан. Паўставаць у чыім‑н. уяўленні. Вобраз пані з чорнымі пышнымі валасамі жыва рысаваўся ва .. уяўленні [настаўніка]. Колас.

3. Старацца паказаць сябе з выгаднага боку, выклікаць чым‑н. інтарэс да сябе. Баешка ўваходзіў у ролю, пачынаў яўна рысавацца перад натоўпам, што ў момант вырас ля яго. Шынклер.

4. Зал. да рысаваць.

рысава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; незак., каго-што і без дап.

Перадаваць прадметы на плоскасці ад рукі пры дапамозе графічных сродкаў (звычайна контурамі, рыскамі і пад.). [Дзед] браў вялізныя лісты медзі, рысаваў на іх розныя геаметрычныя фігуры. Бядуля. Не добра, аднак, рысаваць пры лямпе, святло жаўціць і цені вельмі вострыя, густыя. Брыль. // перан. Мысленна падаваць у якіх‑н. вобразах, формах. Яе дзіцячыя ўяўленні рысавалі ўсё як бы ў застылым моманце. Чорны. Паслушнае і ўслужлівае ўяўленне ўжо рысавала .. [Лабановічу] вобраз дзяўчыны, гэту чыстую і прыгожую краску, узгадаваную ў глухіх палескіх барах. Колас.

рысаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Той, хто вырошчвае рыс; спецыяліст па рысаводству.

рысаво́дства, ‑а, н.

Развядзенне рысу як галіна сельскай гаспадаркі.

рысаво́дчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рысаводства. Рысаводчая гаспадарка.

ры́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рысу. Рысавае поле. // Прыгатаваны з рысу. Рысавы суп. Рысавая мука. Рысавая каша.

рыса́к, ‑а, м.

Пародзісты рысісты конь. Алесь успомніў, як у маленстве любіў сесці на добрага рысака ды прамчаць наўскач па сяле, усім людзям на дзіва. Ваданосаў. У тых нейкія цяжкавозы, а ў нашых вараныя рысакі, адзін у адзін, ногі, што вытачаныя, і ўся конская постаць аж спружыніць. Шамякін.

рысбе́рма, ‑ы, ж.

Спец. Частка гідратэхнічнага збудавання, прызначаная для ўмацавання рэчышча патоку. Старэйшыя спыняліся на мастку, глядзелі цераз парэнчы ўніз на прасмалены насціл вадабоя, на шчэбень рысбермы. Шамякін.

[Гал. rijsberm.]

рысі́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рысі, належыць ёй. Рысіныя сляды. Рысіная шкура. // Зроблены са шкуры, футра рысі. Рысіная шапка. // перан. Такі, як у рысі; востры, злы, пранізлівы (пра вочы).