Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рысі́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць рысістага. Рысістасць пароды.

рысі́сты, ‑ая, ‑ае.

Які мае добрую рысь ​1 (пра каня). Фурман ледзьве стрымліваў спрыт мышастых рысістых коней. Чорны.

рысі́ць, рышу, рысіш, рысіць; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Бегчы рыссю (пра коней і інш. жывёл).

2. Ехаць на кані рыссю. Праз некалькі хвілін з двара выехалі чатыры верхавыя і дзве рысоркі, на якіх сядзела восем чэкістаў, а ззаду, на сваёй вараной кабылцы, рысіў Карней Скіба. М. Ткачоў.

рыск, ‑у, м.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыскаць.

ры́ска, ‑і, ДМ рысцы; Р мн. ‑сак; ж.

Памянш. да рыса; маленькая, тонкая рыса (у 1, 3 і 4 знач.). Спачатку бачу толькі твар, знаёмы да апошняй рыскі твар. Жычка. Слова «там».. [Лёня] падкрэсліў дзвюма рыскамі. Ваданосаў.

рыскавы́, ‑ая, ‑ое.

У выразе: рыскавы якар гл. якар.

ры́сканне, ‑я, н.

Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. рыскаць.

ры́скаць, ‑ае; незак.

Спец. Ухіляцца ад курсу то ў адзін, то ў другі бок (пра судна).

рысклі́вы, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які адвольна адхіляецца ад курсу ў правы ці ў левы бок (пра судна).

ры́слінг, ‑у, м.

1. Сорт белага вінаграду.

2. Белае сухое віно, атрыманае з гэтага вінаграду.

[Ням. Riesling.]