Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

рысо́ра, ‑ы, ж.

Пруткая частка ў экіпажы, аўтамабілі, вагоне і пад. (звычайна ў выглядзе спружыны), якая знаходзіцца паміж восямі і кузавам і служыць для змякчэння штуршкоў пры яздзе. Конюх запрагае каня ў вазок на рысорах. Мурашка. Вагоны мякка на рысорах Скрыпяць. Калачынскі. Было відно, што калі яшчэ так праехаць, то не толькі шкло не вытрымае, а і рысоры наўрад ці астануцца цэлыя. Кулакоўскі.

[Фр. ressort.]

рысо́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Памянш. да рысора.

2. Разм. Каляска на высокіх рысорах. Увечары, калі .. [Міхась] блукаў на дварэ і чакаў брата, каб разам вячэраць, да іх хаты рыжы конь падкаціў добрую рысорку, на якой сядзелі Пятрусь і незнаёмы мужчына. Сіўцоў.

рысо́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рысоры, прызначаны для рысор. Рысорная сталь. // З рысорамі. Запрогшы каля стайні ў рысорную каламажку варанога жарабка, Крумінь пакаціў па доўгаўскай дарозе. Броўка.

рысо́ршчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па вырабу рысор.

рысо́ўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. рысавацца (у 3 знач.).

ры́ссю, прысл.

1. Алюрам, сярэднім паміж галопам і шагам (пра каня). Конь бяжыць рыссю, і колы аж глушаць вуліцу. Баранавых.

2. Разм. Хутка, бягом. Па дарозе ад Нёмана рыссю ідзе сувязны. Брыль.

рысу́нак, ‑нка, м.

Тое, што і малюнак. Рысунак сябрам спадабаўся. Яны палажылі яго ў канверт і адправілі пісьмо Жуку нелегальна. Ці атрымаў яго адрасат і як паставіўся да рысунка, сябры не дазналіся. Колас. — Я, таварыш інжынер, не магу разабрацца ў гэтых справах, я нідзе не вучылася, якія-небудзь вялікія там пабудовы бачыла толькі калі-небудзь на здымках, на рысунках. Чорны. Ёсць у апавяданні таксама цікавы псіхалагічны рысунак Веранікі і самога лірычнага героя, ад імя якога апавяданне вядзецца. Лойка.

рысь 1, ‑і, ж.

Хуткі алюр, сярэдні паміж галопам і шагам. Я падганяю каня лейцамі. Ён неахвоча пераходзіць на рысь. Асіпенка. Раптам ззаду [у Косціка] нечая моцная рысь. Азірнуўся — польскі коннік. Баранавых.

рысь 2, ‑і, ж.

Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства кашэчых. Пасярод сцежкі ляжаў мёртвы алень, а над ім стаяла вялікая рысь. В. Вольскі.

рысяня́ і рысянё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.

Дзіцяня рысі.

ры́тар, ‑а, м.

1. Гіст. Прамоўца і настаўнік тэорыі красамоўства ў Старажытнай Грэцыі і Старажытным Рыме.

2. Кніжн. уст. Прамоўца, які гаворыць прыгожа, напышліва, але малазмястоўна. Ужо не халодны рытар і не ўмоўна-рамантычны паэт наогул, а жывы семнаццацігадовы юнак, прывабны ў сваёй шчырай усхваляванасці, закаханы «так шчыра, і так лёгка, і так сумна» паўстае перад намі. Бярозкін.

3. Вучань ці настаўнік па класу рыторыкі ў старой духоўнай семінарыі.

[Грэч. rhētōr.]