Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цыркуля́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Машына для распілоўкі дрэва, рэжучай часткай якой з’яўляецца дыскавая піла. У Качанах невялікі шпаларэзны завод, і вясной я прыязджаў сюды разжыцца круглай пілой для нашай цыркуляркі. Навуменка.

цыркуля́рны 1, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца цыркулярам. Цыркулярны загад. Цыркулярнае пісьмо.

цыркуля́рны 2, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае форму акружнасці, круглы. Цыркулярны нож.

2. Які мае адносіны да цыркуляркі, з’яўляецца цыркуляркай. Цыркулярная піла.

цыркуля́ршчык, ‑а, м.

Рабочы, які абслугоўвае цыркулярку. А яшчэ ўспамінае ён [Максім] даўняе лета, Ціха шэсце ідзе пахавальнае. Гэта У пуць астатні праводзяць Міколу сябры — Цыркуляршчыкі, рамшчыкі і слесары. Зарыцкі.

цыркуляцы́йны, ‑ая, ‑ае.

1. Які адбываецца па замкнутым кругу; кругавы. Цыркуляцыйны рух.

2. У якім адбываецца кругавы рух чаго‑н. Цыркуляцыйная печ. Цыркуляцыйныя трубы.

цыркуля́цыя, ‑і, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цыркуляваць.

2. Спец. Крывая, якая апісваецца суднам пры адхіленні руля на які‑н. вугал.

[Ад лац. circulatio.]

цыро́з, ‑у, м.

Спец. Зморшчванне і дэфармацыя органа ў выніку разрастання ў ім злучальнай тканкі.

[Ад грэч. kirros — жоўты.]

цыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. цыраваць.

2. Разм. Спецыяльныя ніткі для цыравання.

3. Разм. Зацыраванае месца.

цыру́балка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.

Разм.

1. Цыбур. Ужо даўно вецер здзьмуў з .. [адуванчыкаў] лёгкія пушынкі з зярнятамі.. Цяпер тырчалі толькі сухія цырубалкі. Кулакоўскі.

2. Драўляная зашпілька.

цыру́льнік, ‑а, м.

Майстар, які займаецца галеннем, стрыжкай, афарбоўкай і прычэсваннем валасоў. У афіцэрскай палаце спрытны і гаваркі цырульнік займаўся абмаладжэннем ляжачых кліентаў. Якімовіч. [Алёша] яшчэ раз прыгладзіў свой «бокс», над якім гадзіну таму назад так старанна завіхаўся цырульнік. Васілевіч.

[Польск. cyrulik з грэч.]

цыру́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да цырульнік.