Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ро́днасць, ‑і, ж.

1. Адносіны паміж людзьмі, якія маюць агульных продкаў. Бацькі і дзеці знаходзяцца ў роднасці першай ступені. // перан. Блізкасць, падабенства па асноўных уласцівасцях, прыкметах. У .. [Ганны і Васіля] была тая ж шчырасць, як і ў тыя разы. Але той блізкасці, роднасці — дзіўна — не было ўжо. Мележ.

2. Блізкасць, падабенства, заснаванае на агульнасці паходжання. Роднасць славянскіх моў тлумачыцца іх агульнасцю паходжання ад агульнаславянскай мовы-асновы. Юргелевіч.

ро́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. □ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. ро́дныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. □ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

ро́ды, ‑аў; адз. няма.

Фізіялагічны працэс выхаду плода з цела маці. Прымаць роды. □ У калгасніцы з суседняй вёскі былі цяжкія роды, і Вера ўсю ноч змагалася за жыццё маці і дзіця. Корбан. Першы раз пасля родаў Маша выйшла ў поле. Шамякін.

ро́дыевы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да родыю.

ро́дый, ‑ю, м.

Хімічны элемент, цяжкі тугаплаўкі метал серабрыста-белага колеру з групы плацінавых металаў.

[Грэч. rhodon — ружа.]

ро́евы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рою (у 1 знач.).

ро́жа 1, ‑ы, ж.

Інфекцыйная хвароба, якая характарызуецца вострым запаленнем скуры або слізістых абалонак.

ро́жа 2, ‑ы, ж.

Абл. Ружа. Амур і сумны і прыгожы Стаіць з павязкай на вачах Ля склепу. Часам лёгкі пах Сюды даносіцца ад рожы. Багдановіч.

ро́жысты, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да рожы ​1. Рожыстае запаленне.

ро́звальні, ‑яў, адз. няма.

Тое, што і развалкі, развалы. Цераз нейкі час [Ёська і Кастусь] ехалі гасцінцам на шырокіх сялянскіх розвальнях, пазахінаўшыся шынялямі ад ветру. Галавач.

ро́зведы, ‑аў; адз. няма.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. разведаць (у 1 знач.). Перш чым вязаць падбухторшчыка Гарасіма ды адсылаць у астрог, .. [стараста] запрог каня і сам рвануў у воласць у розведы. Якімовіч. [Сцёпка], нікому нічога не кажучы, вырашыў: «Зайду ў розведы [да Каржакевіча] нібыта пазычыць чаго». Баранавых.