родны, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца ў кроўнай роднасці па прамой лініі. Родны бацька. Родная цётка. Родны брат. ▪ Я хачу, каб называўся камуністам Родны сын мой, а таксама сынаў сын. Куляшоў.

2. у знач. наз. родныя, ‑ых. Сваякі. Кожны год праводзяцца сустрэчы партызан з былымі кіраўнікамі партызанскага руху на Беларусі або з роднымі і блізкімі герояў-землякоў. Кулакоўскі.

3. Звязаны з месцам нараджэння каго‑н. (пра горад, край і пад.). Родная вёска. Родны лес. ▪ Мой родны кут, як ты мне мілы!.. Забыць цябе не маю сілы! Колас. Не вецер лісцем шастае, Не рыпае кара — Лявон глухою сцежкаю Ідзе ў родны край. Панчанка. Вобразы прыроды былі для Багдановіча сімвалам вечнасці чалавека на зямлі, магутнасці народа, неўміручасці роднага краю. Лойка.

4. Дарагі, блізкі сэрцу. Напалоханыя вочы мацеры... І радасць, і страх на яе такім жа родным, такім жа блізкім твары... Лынькоў. Родным далёкім іржаннем адклікаецца Віхор з цемры хвойніку. Бядуля. Побач з ёй бясконца родны голас кажа: — Лепш, табе, Валя? Брыль. // (у звароце). Любы, дарагі, мілы. [Свякруха:] — Што ж гэта ты такая сумная, нявестачка? Замар[д]авалася, родная? Мележ.

•••

Родны склон гл. склон.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)