Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ро́зга, ‑і, Р мн. ‑заг; ж.

1. Тонкая гнуткая галінка, дубец. Сталым крокам між бярозак З сябрам-кіем ён [Сымон] ідзе, А з ім лісце ў гушчы розаг Мову згодную вядзе. Колас.

2. звычайна мн. (ро́згі, ‑заг). Удары, пакаранне такімі дубцамі. Адной жанчыне, якая супраціўлялася, не хацела аддаць масла, тут жа ўсыпалі розаг. Гурскі.

ро́згалас, ‑у, м.

Абл. Рэха, адгалоскі. Я свой звон ход у ход Размахну, як ніхто і ніколі; Аж ад рук і ад хмур вежы рухне падмур, Толькі розгалас пойдзе па полі. Купала. Шырокі розгалас здабудуць гэтыя крылатыя словы, нібы выдыхнутыя адным сэрцам. Лужанін.

ро́згляды, ‑аў; адз. няма.

Разм. Дзеянне паводле дзеясл. разглядаць — разгледзець (у 1 знач.).

ро́здум, ‑у, м.

Дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. раздумваць; паглыбленасць у свае думкі. Роздум над кнігай. □ Аддаўшыся роздуму, Іван ішоў спорна, таропка і не прыкмячаў часу. Быкаў. Неўзабаве .. [Максіму], пасля кароткага роздуму, прыйшла геніяльная думка. Брыль. Малады здаровы сон прыйшоў сам сабой, заглушыў непрыемныя роздумы. Шыцік.

ро́здумнасць, ‑і, ж.

Схільнасць да роздуму; роздум. Асабліва ўзмацніліся ў зборніку «Тры цішыні» тыя роздумнасць і філасафічнасць, якія ў першай кнізе [А. Вярцінскага] досыць выразна адчуваліся толькі ў лічаных творах. Бугаёў.

ро́зна,

1. Прысл. да розны.

2. Не разам, асобна. [Сымон:] — Мы разойдземся. Дарогі нашы розна павязуць. Колас.

розна... (а таксама разна...).

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «розны», напрыклад: рознагалосы, рознабаковы, разнастайны, разнастопны.

рознааблі́чны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які адрозніваецца знешнім выглядам. Рознааблічны натоўп.

рознабако́васць, ‑і, ж.

Уласцівасць рознабаковага. Рознабаковасць інтарэсаў.

рознабако́вы, ‑ая, ‑ае.

Які ахоплівае розныя бакі чаго‑н. (жыцця, дзейнасці і пад.); разнастайны. Рознабаковая дзейнасць. □ Рознабаковаю была сувязь Міцкевіча з беларускім фальклорам. Лойка.