Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

эды́цыя, ‑і, ж.

Навуковае выданне помнікаў пісьменнасці, фальклору, твораў класікаў літаратуры і пад.

[Лац. editio — выданне.]

эдэльве́йс, ‑у і ‑а, м.

1. ‑у. Горная травяністая расліна сямейства складанакветных, суквецце якой падобна на белую зорку.

2. ‑а. Кветка гэтай расліны. Марта падала мне кветачку з далікатнымі белымі пялёсткамі — высакагорны альпійскі рамонак-эдэльвейс. Даніленка.

[Ням. Edelweiß.]

эдэ́м, ‑у, м.

1. Паводле біблейскага падання — краіна, дзе жылі Адам і Ева да іх грэхападзення; рай.

2. перан. Прыгожая мясцовасць; месца, дзе можна бесклапотна і шчасліва жыць. Сын кулака Юхім Кашлаты доўгія гады марыў аб шчаслівым жыцці, аб жыцці ў раі — эдэме. Кудраўцаў.

[Стараж.-яўр.]

эдэ́мскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да эдэму. І сніў Адам: Камета ўстала ў небе Барвяным страшным зракам — і тады Крывёю пачала сачыцца глеба І згінулі эдэмскія сады. Караткевіч.

эжэ́ктар, ‑а, м.

1. Спец. Прыстасаванне, дзеянне якога заснавана на выкарыстанні эжэкцыі (у 1 знач.). Паравы эжэктар.

2. Механізм у агнястрэльнай зброі, які аўтаматычна выкідвае гільзу выстраленага патрона пры адкрыцці затвора.

3. Прыбор для вывядзення парахавых газаў са ствала зброі шляхам прапускання струменя паветра ці пары.

[Фр. éjecteur.]

эжэ́ктарны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да эжэктара, які мае ў сваім саставе эжэктар. Эжэктарная ўстаноўка.

эжэ́кцыя, ‑і, ж.

Спец.

1. Працэс змешвання двух якіх‑н. асяроддзяў (вады і пяску, пары і вады і інш.), пры якім адно асяроддзе, будучы пад ціскам, уздзейнічае на другое і, цягнучы за сабой, выштурхвае яго ў неабходным напрамку.

2. Штучнае аднаўленне напору вады ў перыяд паводкі для нармальнай работы турбін.

[Фр. éjection.]

эзатэры́чны, ‑ая, ‑ае.

Тайны, зразумелы толькі для азнаёмленых; проціл. экзатэрычны. Эзатэрычнае значэнне абраду.

[Ад грэч. esōterikos — унутраны.]

эзафагаско́п, ‑а, м.

Трубка з аптычнымі і асвятляльнымі сістэмамі, якая выкарыстоўваецца ў медыцынскай практыцы для даследавання стрававода.

[Грэч. oisophágos — стрававод і skopéō — гляджу.]

эзафагі́т, ‑у, М ‑гіце, м.

Спец. Запаленне слізістай абалонкі стрававода.

[Грэч. oisophágos — стрававод.]