ушчу́ць, ушчую, ушчуеш, ушчуе.
Зак. да ушчуваць.
ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.
1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.
2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.
ушчы́льненасць, ‑і, ж.
Уласцівасць і стан ушчыльненага. Ушчыльненасць глебы. Ушчыльненасць рабочага дня.
ушчыльне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. ушчыльняць — ушчыльніць і стан паводле знач. дзеясл. ушчыльняцца — ушчыльніцца.
ушчы́льнены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад ушчыльніць.
2. у знач. прым. Атрыманы ў выніку ўшчыльнення. Ушчыльнены слой пратаплазмы. Ушчыльнены графік працы.
ушчыльні́к, ‑а, м.
Тое, што і ушчыльняльнік.
ушчыльні́цца, ‑ніцца; зак.
1. Стаць больш шчыльным.
2. Пацясніўшыся, размясціцца, пасяліцца больш шчыльна. Усё зводзілася да таго, што з дня на дзень мы павінны наступаць. І вось пачалося... Нездарма ж так ушчыльніўся фронт, падвезена гэтулькі прадуктаў і боепрыпасаў... Няхай.
3. Разм. Стаць больш заселеным (пра жылую плошчу). // Пачаць жыць цясней, пасяліўшы каго‑н. да сябе.
4. Стаць цалкам запоўненым, больш інтэнсіўным (пра рабочы час, вытворчы працэс).
ушчыльні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., каго-што.
1. Зрабіць больш шчыльным што‑н. Ушчыльніць глебу. Ушчыльніць сіласную масу.
2. Падагнаць шчыльней. Ушчыльніць паркан.
3. Разм. Павялічыць колькасць жыхароў на якой‑н. жылой плошчы. // Прымусіць жыць цясней, пасяліўшы яшчэ каго‑н. на тую ж жылую плошчу.
4. Запоўніць рабочы час большай колькасцю вытворчага задання. Ушчыльніць рабочы дзень.
ушчыльну́ю, прысл.
1. Шчыльна, цесна. А побач з дзесятак калгасных машын. На іх ушчыльную радамі Даўгія-даўгія пляцёнкі-кашы З наспелымі дынямі і кавунамі. Зарыцкі.
2. Гранічна блізка; непасрэдна прымыкаючы, датыкаючыся. Кусты абапал сцяжынкі часам сыходзіліся ўшчыльную. Хадановіч. Абапал дарогі, ушчыльную падступаючы да яе, драмалі хмызнякі. Асіпенка. — Дык ты яшчэ крычыш? — бацька, сціснуўшы кулакі, ушчыльную падступіў да сына. Навуменка.
ушчыльня́льнік, ‑а, м.
1. Спец. Прыстасаванне, прылада для ўшчыльнення, утрамбоўвання чаго‑н.
2. Прыстасаванне для змяншэння або прадухілення ўцечкі вадкасцей, пары, газаў праз зазоры паміж дэталямі, часткамі якога‑н. механізма.