ушчыкну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што і без дап.

1. Пальцамі сціснуць скуру да болю. Зайчык нібы незнарок прытуліўся да Ганны, раптам ушчыкнуў яе за бок. Мележ. [Хлопчык:] «Не дай бог [Хрысціна] злая! Калі не ўдасца адлупцаваць, дык хоць ушчыкне, але так, што аж іскры з вачэй пасыплюцца». Гурскі. // перан. Рэзка працяць (пра холад, мароз). Калі выйшаў [Мацей] на ганак, востры халадок прабраўся пад полы і ўшчыкнуў за калені. М. Стральцоў.

2. Шчыпком аддзяліць, адарваць. Паклаўшы на стол скібку хлеба, ад якой ушчыкнула і ўкінула сабе ў рот каліўца, .. [маці] ціха і знясілена расказвала дзецям пра сваё няўдалае падарожжа. Ус. А Аленцы гэтак хацелася есці, і яна неўзаметку ад сястры ўшчыкнула крошачку [хлеба] і ўкінула ў рот. Сабаленка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)