Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

но́сік, ‑а, м.

1. Памянш.-ласк. да нос (у 1 знач.). Зося весела засмяялася, ад чаго яе малы кірпаты носік яшчэ больш задраўся ўгору. Ваданосаў.

2. Частка чайніка, збана і пад., праз якую выліваюць вадкасць.

3. Вострая або завостранай формы частка якога‑н. прадмета. Носік касы. □ Прыстаўляючы руку да носіка кожнага яечка, я прасвечваў іх на сонцы, глядзеў, ці свежыя яны. Сабаленка.

но́ска, ‑і, ДМ носцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. насіць (у 1, 4 знач.).

но́скасць, ‑і, ж.

Якасць носкага.

но́скі, ‑ая, ‑ае.

Які доўга носіцца; моцны (пра адзенне, абутак і пад.).

но́счык, ‑а, м.

Рабочы, які пераносіць што‑н.; насільшчык.

но́сьбіт, ‑а, М ‑біце, м.

1. Той, хто валодае, надзелены чым‑н., можа быць выразнікам, прадстаўніком чаго‑н. Людзі працы з’яўляюцца ў Купалы носьбітамі маральнай красы і высакародства. Івашын. Сейбіт волі, носьбіт гневу, Ён душой прарочай верыў: Бура грымне, бура грымне!.. Калачынскі.

2. Аб рэчах, прадметах і пад., якія валодаюць якімі‑н. уласцівасцямі. Ні самалёты, ні танкі з запыленай пяхотай на брані, ні носьбіты пераможнага гулу — гарматы — нават на момант не спынілі свайго імклівага маршу на захад. Брыль.

но́та 1, ‑ы, ДМ ноце, ж.

1. Умоўны графічны знак для запісу гукаў музыкі.

2. Асобны гук пэўнай вышыні ў музыцы і спевах. Высокія ноты ў песнях. □ На сярэдзіне сяла моцна за[й]граў гармонік; ноты яго былі то вельмі гучнымі, то зусім зніжаліся і разносіліся — ціха ды роўна. Каваль.

3. толькі мн. (но́ты, нот). Тэкст музычнага твора ў нотным запісе; сшытак, кніга або старонка з запісам музычнага твора. Адзін з.. [аркестрантаў] — той, што выконваў абавязкі бібліятэкара, — застаўся збіраць папкі з нотамі. Мехаў.

4. перан. Тон, інтанацыя мовы, якія выражаюць якое‑н. пачуццё. — Глядзіце, што за дуб! І бура не зваліць! — і нота задавалення пачулася ў голасе Баруты-бацькі. Колас. На якіх нотах адбылася паміж.. [механізатарам і Міколам] размова, Мікола не расказваў нікому. Б. Стральцоў.

•••

Як да нотах — без цяжкасцей, вельмі лёгка.

[Ад лац. nota — знак, заўвага.]

но́та 2, ‑ы, ДМ ноце, ж.

Афіцыяльны дыпламатычны зварот урада адной дзяржавы да другой. Абмен нотамі. Нота пратэсту.

•••

Вербальная нота — дыпламатычнае пісьмовае паведамленне, не змацаванае подпісам, якое мае значэнне вуснай заявы.

[Ад лац. nota — знак, заўвага.]

нотабе́на, нескл., ж.

Знак NB на палях кнігі, дакумента і пад., які служыць для таго, каб звярнуць увагу на гэтае месца ў тэксце.

[Ад лац. nota bene — заўваж добра.]

нотадрукава́нне, ‑я, н.

Друкаванне нот.

нотадрука́рня, ‑і, ж.

Друкарня, якая займаецца друкаваннем нот.