Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

жыжкараскіда́льнік, ‑а, м.

Машына, якая служыць для ўнясення жыжкі пад пасевы сельскагаспадарчых культур.

жыклёр, ‑а, м.

Дэталь з калібраванай адтулінай для дазіроўкі расходавання вадкасці або газу.

[Фр. gicleur.]

жыл...,

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «жыллёвы», напрыклад: жылкааперацыя, жылплошча, жылфонд.

жы́ла, ‑ы, ж.

1. Разм. Крывяносны сасуд.

2. Разм. Тое, што і сухажылле. Стаяў Патапавіч на адным сваім пункце і цяпер стаіць: не хапайся адразу за многае, а то жылы трэснуць. Кулакоўскі.

3. Трэшчына ў зямной кары, запоўненая горнай пародай, а таксама сама горная парода ў такой трэшчыне. Залатаносная жыла.

4. Разм. Багністае месца з падземнай крыніцай. — Тут.. [фашысты] хутка не пройдуць Вунь каля таго куста такая жыла, што засмокча іх з галавой. Шамякін.

5. Асобны провад кабелю. Правады — сотні жыл — Неслі сілу ў сёлы. Бялевіч.

•••

Выцягнуць (усе) жылы гл. выцягнуць.

Залатая жыла — пра вельмі багатую крыніцу даходу.

Ірваць жылы гл. ірваць.

Кроў ледзянее (стыне) (у жылах) гл. кроў.

Напінаць жылы гл. напінаць.

На ўсе жылы; з усіх жыл — на поўную сілу.

жылава́ты, ‑ая, ‑ае.

Мускулісты, жылісты. Андрэй сустрэў Арлоўскага на ганку. Гэта быў высокі худы чалавек, крыху сутулы, з вялізнымі жылаватымі рукамі. Чарнышэвіч.

жыладдзе́л, ‑а, м.

Аддзел пры выканкоме мясцовага Савета, які займаецца ўлікам і размеркаваннем жыллёвай плошчы; жыллёвы аддзел.

жыле́ц, ‑льца, м.

Разм. Асоба, якая жыве ў доме, кватэры; жыхар. Жыльцы дома. // Асоба, якая знімае памяшканне; кватарант. Гаспадары.. [хаты], адзінокія старыя, прывыкшы да таго, што жылец прыходзіў позна, не замыкалі дзвярэй. Хадкевіч.

•••

Не жылец (на гэтым свеце) — пра таго, хто мае дрэннае здароўе, можа скора памерці. Баніфацый Скашынскі ведаў, што з яго здароўем у лесе ён не жылец. Чарнышэвіч.

жы́ліна, ‑ы, ж.

Разм. Тое, што і жыла (у 1, 2 і 3 знач.).

жы́лісты, ‑ая, ‑ае.

1. З выпнутымі жыламі, венамі. Выцяг[нуў]шы з каўняра абавераную жылістую шыю, Карпенка азірнуўся на пераезд. Быкаў. [Сцепаніда] села на крэсле, злажыўшы свае смуглыя жылістыя рукі на грудзях. Ермаловіч. // З вялікай колькасцю сухажылля (пра мяса).

2. Сухарлявы, мускулісты (пра чалавека, часткі яго цела). Кузня працавала амаль круглы год. У ёй жылісты і сухі, як яловы корч, Апанас Шведзік.. гахаў молатам. Даніленка.

3. Разм. Моцны, дужы, вынослівы. — Трэба будзе працы прыкласці, каб вярнуць зямлі даваенную сілу, урадлівасць. Палітая крывёю, яна высмакча і поту нямала... Але нічога, мы народ жылісты. Выцягнем. Шамякін.

жы́ліцца, ‑люся, ‑лішся, ‑ліцца; заг. жылься; незак.

Разм. Натужвацца, пнуцца з усіх сіл, робячы што‑н. Жыліцца на непасільнай рабоце.