Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзічы́на, ‑ы, ж., зб.

Дзікія звяры і птушкі, мяса якіх ідзе ў ежу. На балотах, на рэках, у лясах найбагацейшыя віды птушак і дзічыны. Чорны. Цэлы дзень у пошуках дзічыны я блукаў аднойчы па тайзе. А. Вольскі. // Мяса гэтых звяроў і птушак. Насмажыць дзічыны.

дзічы́ны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да дзіка. Каля самай дзічынай сцежкі — яловы выварат. Брыль.

дзічы́ха, ‑і, ДМ ‑чысе, ж.

Разм. Самка дзіка.

дзічы́цца, ‑чуся, ‑чышся, ‑чыцца; незак., каго-чаго і без дап.

Пазбягаць, унікаць каго‑н.; быць дзікім. Яму [малому] ісці ў навуку час, А ён людзей яшчэ дзічыцца. Арочка.

дзічэ́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Пераходзіць у дзікі стан, рабіцца дзікім (у 1 знач.). [Бык] стаяў адзін у пустой аборы і дзічэў. Паўлаў.

2. Станавіцца нелюдзімым, дзіклівым. — Не будзе гэтага, мы не хочам дзічэць у хутарской адзіноце. Сабаленка.

дзы́нкаць і дзі́нькаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Утвараць высокія звінючыя гукі (пра шкло, метал, насякомых і пад.). Рыдлёўка глуха совалася ў зямлю, шоргалася, дзынкала аб каменне. Бядуля. Гулі і дзынкалі пчолы ў густым вецці прысад і ў пышных кветніках. Грахоўскі. На высокай лясной жоўтай мятліцы пад сонцам дзінькаюць мухі, трымціць павуціна. Пташнікаў.

дзы́нкнуць і дзі́нькнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да дзынкаць, дзінькаць.

дзы́ньканне і дзі́ньканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. дзынкаць, дзінькаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Гэты звон не быў падобны ні на звон патэльні аб прыпечак, ні па дзынканне конскіх цугляў. Краўчанка.

дзын-дзы́н і дзінь-дзінь, выкл.

Ужываецца для перадачы гукаў званка, шкла, трамвая і пад. Мчацца коні. Дзын-дзын-дзын! Колас. Ілонка пастукала мацней.. «Дзінь-дзінь», — бразгала шыба пад яе пальцамі. Хомчанка.