Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

білья́рд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Гульня шарамі і спецыяльным кіем, якая вядзецца паводле пэўных правілаў на прызначаным для гэтай гульні стале. Гуляць у більярд.

2. Абцягнуты сукном, з бартамі і некалькімі адтулінамі (лузамі) стол для гэтай гульні. Трое сядзелі на лаўках, ля задняй сцяны рэдкая група акружыла більярд, на якім гулялі Пракоп з Трахімам Дубовікам. Карпаў.

[Фр. billard.]

білья́рдавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і більярдны (у 1 знач.).

білья́рдны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да більярда. Більярдны кій. Більярдны шар. Більярдны стол.

2. у знач. наз. білья́рдная, ‑ай, ж. Пакой для гульні ў більярд. У гэтую восень будуць гатовы да перасадкі сорак тысяч прышчэпаў. Далей — клуб: зала месцаў так на чатырыста, са сталай гукавой кінаўстаноўкай,.. бібліятэка, більярдная... Паслядовіч.

більярды́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто захапляецца гульнёй у більярд, часта гуляе ў більярд.

бімета́л,

гл. біметалы.

біметалі́зм, ‑у, м.

Грашовая сістэма, пры якой у якасці плацежнага сродку выкарыстоўваюцца адначасова два металы (золата і срэбра).

біметалі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае дачыненне да біметалаў; зроблены з біметалаў. Біметалічная спіраль.

2. Які мае адносіны да біметалізму. Біметалічная сістэма.

бімета́лы, ‑аў; адз. біметал, ‑у, м.

Пласцінкі, лісты, дрот і іншыя вырабы, якія складаюцца з двух слаёў розных металаў або сплаваў.

[Ад лац. bis — двойчы і metallum — метал.]

бі́мсы, ‑аў; адз. бімс, ‑а, м.

Папярочныя бэлькі ў корпусе судна, якія злучаюць яго бакі і падтрымліваюць палубу.

[Англ. beams.]

бінакуля́рны, ‑ая, ‑ае.

У выразах: бінакулярны зрок гл. зрок; бінакулярная лупа гл. лупа.