Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

парадо́кс, ‑а, м.

Думка, меркаванне, якое разыходзіцца з агульнапрынятымі поглядамі, супярэчыць разумнаму сэнсу. // Кніжн. Нечаканая з’ява, якая не адпавядае звычайным уяўленням у навуцы. Матэматычны парадокс. Лагічны парадокс. // Разм. Недарэчны збег акалічнасцей, які супярэчыць разумнаму сэнсу. [Зося:] Мама мая на дваццаць гадоў маладзей за тату, і яе забралі ў армію, мама — хірург. У нашу армію.. А тата працуе ў немцаў. Парадокс. Шамякін.

[Ад грэч. parádoxos — нечаканы, дзіўны.]

пара́дчык, ‑а, м.

Разм. Тое, што і дарадчык. У .. [Тураўца] было нямала памочнікаў і парадчыкаў. Мележ. [Гаспадыня:] — Ах, Канстанцін Сцяпанавіч, Канстанцін Сцяпанавіч! Не ўказчык я вам і нарадчык, але чую я сваім розумам: навошта вам гэтая служба? Лынькоў.

парадчэ́лы, ‑ая, ‑ае.

Які парадчэў, стаў радчэйшым.

парадчэ́ць, ‑эе; зак.

Тое, што і парадзець.

парады́гма, ‑ы, ж.

Спец. Табліца форм скланення або спражэння якога‑н. слова.

[Ад грэч. parádeigma — прыклад, узор.]

парады́йнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць парадыйнага. Парадыйнасць твора.

парады́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пародыі. Парадыйны жанр. // Які з’яўляецца пародыяй. Парадыйная літаратура.

парады́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Той, хто піша пародыі; аўтар пародый.

парады́чны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і парадыйны.

параённы, ‑ая, ‑ае.

Які праводзіцца, робіцца па раёнах. Параённая спецыялізацыя. Параённы ўлік пасяўной плошчы.