прыёмачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыёмкі. Прыёмачны акт. Прыёмачная квітанцыя. // Прызначаны для прыёмкі. Прыёмачны пункт.
прыёмка, ‑і, ДМ ‑мцы, ж.
Дзеянне паводле дзеясл. прымаць — прыняць (у 2 знач.).
прыёмнік, ‑а, м.
1. Апарат для прыёму сігналаў, мовы, музыкі, адбіткаў, які выкарыстоўваецца ў электрасувязі, радыётэхніцы, тэлемеханіцы. Прыёмнік электрамагнітных хваль. Шумавы прыёмнік. // Апарат для прыёму радыёвяшчальных перадач; радыёпрыёмнік. Транзістарны прыёмнік. □ Ледзь чутна гучэла прыгожая музыка — працаваў прыёмнік. Шамякін. [Надзя:] — У яе няма ніякага радыё. Дык Міколка аддае свой старэнькі прыёмнік. Хомчанка.
2. Прыстасаванне для прыёму, збірання чаго‑н. Прыёмнік для сцёкавых вод. □ Праз нейкі час пачалі балець плечы, лёгкая драўляная лапата рабілася ўсё цяжэйшай і цяжэйшай, а ў прыёмнік транспарцёра ішоў ужо не такі густы струмень. Дамашэвіч.
3. Установа, якая часова прымае каго‑н. для далейшага размеркавання. Дзіцячы прыёмнік. Вайсковы прыёмнік. □ — Ізаляваць хіба яго [Андрэя Андрэевіча], адаслаць на прыёмнік, няхай на Салаўкі зноў... Лынькоў.
•••
Дэтэктарны прыёмнік — самы просты радыёпрыёмнік, звычайна з крышталічным дэтэктарам.
прыёмны, ‑ая, ‑ае.
1. Які служыць, прызначаецца для прыёму каго‑, чаго‑н. Прыёмная антэна. Прыёмная радыёстанцыя. // Створаны, арганізаваны для прыёму каго‑, чаго‑н. «Хіба ў нас такая ферма ёсць? У актах прыёмнай камісіі і ўпамінку няма». Ракітны. У інстытуце ішлі прыёмныя экзамены. Карпаў. // Назначаны для прыёму, наведвання (пра час). Прыёмныя гадзіны. □ У нядзелю .. [Нічыпара] пацягнула ў бальніцу да Агнёва. Быў прыёмны дзень. Асіпенка.
2. Які ўсынавіў каго‑н. або ўсыноўлены кім‑н. [Гіго] вучыўся мове сваіх прыёмных бацькоў. Самуйлёнак. З той пары дзяўчынка пачала жыць як прыёмная дачка ў сям’і вартаўніка могілак. Галавач.
3. у знач. наз. прыёмная, ‑ай, ж. Пакой, у якім прымаюць наведвальнікаў або дзе яны чакаюць прыёму. У прыёмнай было нямнога народу, значна менш, чым звычайна, калі ідзе бюро. Шамякін. У прыёмнай рэдактара было бязлюдна. Хадкевіч. Без шапкі, загарэлы, .. [Коля] і цяпер быў такі, як тады, калі нёс .. [Рыну] на руках у прыёмную клінікі. Грамовіч.
•••
Прыёмны пакой гл. пакой.
прыёмшчык, ‑а, м.
Работнік, які займаецца прыёмкай чаго‑н. На элеватары прыкмецілі шафёра, што першым станавіўся пад разгрузку. З ім віталіся кладаўшчыкі, прыёмшчыкі. Мяжэвіч.
прыёмыш, ‑а, м.
Разм. Прыёмны сын або прыёмная дачка. Узяць прыёмыша.
прыёр, ‑а, м.
Настаяцель у каталіцкіх мужчынскіх манастырах.
[Ад лац. prior — першы, старэйшы.]
прыжані́цца, ‑жанюся, ‑жэнішся, ‑жэніцца; зак.
Разм. Ажаніцца. [Залман:] — Кажуць, ты прыжаніўся? Дый маладую жонку ўзяў? Лобан.
прыжда́ць, ‑жду, ‑жджэш, ‑жджэ; ‑жджом, ‑жджаце; зак., каго-чаго.
Разм. Дажыць да таго часу, пакуль споўніцца якое‑н. жаданне, ажыццявіцца што‑н. жаданае; дачакацца. Светлай прыждалі часіны. Пілы, сякеры бяры, На папялішчах-руінах Новыя ўстануць муры. А. Александровіч. — От ты ўжо і ўнука прыждаў, — усміхнуўся Мацвей, гледзячы брату ў твар. Чорны.